Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Подпісы супраць АЭС перадалі дэпутатцы


Першая беларуская АЭС можа быць пабудаваная ў Горацкім раёне. Як гэту навіну ўспрынялі горацкія актывісты?


Эдуард Брокараў – адзін зь ініцыятараў збору подпісаў супраць будаўніцтва АЭС у Горацкім раёне і ў Беларусі ўвогуле. На пачатак сакавіка была сабраная першая тысяча подпісаў мясцовых жыхароў, якую актывісты пераадрасавалі дзеля рэагаваньня ў Палату прадстаўнікоў. Дык ці была хоць нейкая рэакцыя?

“Не, не было. Адну тысячу подпісаў мы перадалі нашай дэпутатцы. Гэта было напачатку сакавіка і яна паабяцала іх перадаць кіраўніцтву Палаты прадстаўнікоў і неяк адказаць на наш запыт. Але дагэтуль мы не дачакаліся ніякага адказу. Мала за тое, яна зьмяніла нумар тэлефона”.

Карэспандэнт: “А хто дэпутат па вашай акрузе?”

“Тацяна Асмалоўская. Якраз іду ў райвыканкам, каб пацікавіцца, як зь ёй можна зьвязацца. Мы ўсё ж будзем патрабаваць, каб яна адказала нам – што яна з гэтымі подпісамі зрабіла? Ці яна іх выкінула, ці каму аддала? Зараз у нас ужо ёсьць 1900 подпісаў і мяркую, што на гэтым тыдні выйдзем на 2000”.

Карэспандэнт: “Рашэньне нечаканае для вас было? Бо дагэтуль увесь час у якасьці фаварыта разглядалася Краснапалянская пляцоўка ў Чавускім раёне”.

“Яно ня тое, што нечаканае. У гэтай уладзе, па-мойму, левая рука папросту ня ведае, што робіць правая. Адзін кажа пра Краснапалянскую, другі вось ужо пра Кукшынаўскую. Таму ня тое, што гэта было цалкам нечакана, проста ад узроўню гэтай улады такіх крокаў мы, у прынцыпе, і чакаем, на нешта сур’ёзнае яны ня здольныя. Асабіста я ня вельмі веру, што яны ўвогуле гэтую станцыю пабудуюць... А з нашага боку будзе такая рэакцыя, што мы крыху актывізуемся ў зборы подпісаў. Бо гэта інфармацыя людзей цікавіць і будзем даводзіць да тых, хто яшчэ ня ведае пра апошнія рашэньні”.

Карэспандэнт: “А ўвогуле геолягавыведныя групы яшчэ там працуюць?”

“Нейкія геадэзісты працуюць. Размаўляў з кіроўцам, які езьдзіць туды на рэйсавым аўтобусе і ён расказаў, што ў Маслаках, у калгасе, вельмі шмат тэхнікі нагналі і нехта там працуе. На гэтым тыдні мы туды пад’едзем, паразмаўляем з народам, паглядзім сытуацыю”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG