Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Нядаўна нарадзілася цяля зусім без вантробаў...”


Пра што пісалі беларускія газэты 19 траўня ў розныя гады мінулага.


“Вольная Беларусь” у 1918 годзе піша пра беларускі нацыянальны камісарыят ў Маскве: “Большую часьць свае працы сябры беларускаго большэвіцкаго камісарыята — п.п. Жылуновіч, Чэрвяк (каторы чамусь называе сябе — Чэрваков), Скарынка і іншыя, — аддаюць тыднёвай газэце “Дзянніца”, дзе без перастанку пішуць усялякія брыдкія нагаворы на цэнтральныя беларускія арганізацыі у Менску і Вільні, а так само робяць даносы у сваей газэці на асобных дзеячоў...”

“ЛіМ” у 1938 годзе друкуе нізку песень і вершаў беларускіх паэтаў пра сталінскую канстытуцыю. Сярод іх і такі:

“Падхоплены бурным парывам адзіным,
І я разганюся ў палёце арліным
І ворага метка на мушку вазьму,
Каб трапіць у самае сэрца яму.
Мы сілы падвоім, мы храбрасць патроім,
Іх прагнасць мы іх-жа крывёю напоім, —
Як ворану вышай арла не лятаць,
Так ворагу нашай зямлі не таптаць”.

“Навіны” ў 1998 годзе паведамляюць: “Цяля з дзвюма галовамі нарадзілася на ферме калгаса “Ленінскі шлях” Хойніцкага раёна Гомельскай вобласці. Галоўны ветэрынарны ўрач раёна В.Юрчанкоў сведчыць, што генетычныя мутацыі сярод свойскіх жывёл на пацярпелых ад чарнобыльскай трагедыі тэрыторыях не рэдкасць. Так, нядаўна нарадзілася цяля зусім без вантробаў. А ўвогуле ў раёне вельмі часта нараджаюцца недаразвітыя цяляты — па 10—12 кілаграмаў замест 25—40 у норме”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG