Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буда-Кашалёва: хто зьбіў актывіста незалежнага прафсаюзу?


Сёньня ў Буда-Кашалёўскім раённым судзе распачата слуханьне крымінальнай справы пра зьбіцьцё мясцовага актывіста незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандра Берасьнева.

Трыццацівасьмігадовы Аляксандар Берасьнеў жыве ў мястэчку Уваравічы Буда-Кашалёўскага раёну. Летась ён працаваў ахоўнікам на мясцовай птушкафабрыцы “Асобіна”, якая апошнім часам належыць вытворчаму аб’яднаньню “Беларуснафта”.

17 сакавіка мінулага году на працоўным месцы спадара Берасьнева жорстка зьбілі і абрабавалі двое невядомых.

Як высьветлілася пазьней, двух нападнікаў — гамельчука Аляксандра Мацуя й ураджэнца Расеі Рамана Ваўчкова — адмыслова прывёз на птушкафабрыку жыхар абласнога цэнтру Алег Корж, кіроўца Навабеліцкага раённага суду.

Пасьля нападу спадар Берасьнеў з траўмаю галавы патрапіў у шпіталь.

Берасьнеў: “Яны нанесьлі мне моцныя пашкоджаньні. Я стаў інвалідам трэцяй групы. У мяне не працуюць органы нюху. Але чамусьці экспэрт дае заключэньне, што траўма ў мяне не цяжкая. Я стаў інвалідам, атрымаў пашкоджаньні нэрваў нюху. Мне казалі, што праз паўгода ўсё адновіцца. Але прайшоў ужо год, а я пахаў як не адчуваў, так і не адчуваю. Гэта наўпроставае нанясеньне мне калецтва. А траўма, бачыце, не цяжкая. Чаму — вялікае пытаньне”.

У судзе спадар Берасьнеў заявіў хадайніцтва, каб напад на яго перакваліфікавалі са справы пра хуліганства ў наўмыснае нанясеньне цяжкога цялеснага пашкоджаньня.

Пацярпелы актывіст незалежнага прафсаюзу патрабуе вызначыць і заказчыка нападу.

З матэрыялаў справы відаць, што працаўнік птушкафабрыкі спадар Андрэенка, які пазначаны ў справе як сьведка, асабіста паіў нападнікаў гарэлкай і каардынаваў іхнія дзеяньні.

Апрача таго, Берасьнеў патрабуе кампэнсацыі матэрыяльнай шкоды ад злачынства — за адабраныя мабільны тэлефон і залаты ланцужок, а таксама маральнай — у памеры ста мільёнаў рублёў.

Рэгіянальны прадстаўнік Беларускага незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектронннай прамысловасьці Віктар Казлоў зьвяртае ўвагу на тое, што справа пра напад і нанясеньне траўмы спадару Берасьневу беспадстаўна закрывалася. Даводзілася пісаць у розныя інстанцыі, каб нападнікаў прыцягнулі да адказнасьці:

“Нам разам зь Берасьневым давялося напісаць шмат зваротаў — у пракуратуры, памочніку прэзыдэнта ў рэгіёне, у розныя іншыя інстанцыі, перш чым праваахоўныя органы заняліся высьвятленьнем усіх абставінаў нападу на Аляксандра, які, дарэчы, на той час быў сябрам камісіі афіцыйнага прафкаму па ахове працы на прадпрыемстве. Было выразна відаць, што зь Берасьневым, які змагаўся з крадзяжамі на птушкафабрыцы, вырашылі паквітацца. За нападам на яго стаялі некаторыя супрацоўнікі прадпрыемства і вышэйшыя асобы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG