Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зноў спрэчкі пра мандат на перамовы ЭЗ і Расеі


Літва настойвае на ўключэньні сваіх патрабаваньняў у мандат на пачатак перамоваў Эўразьвязу і Расеі пра новае Пагадненьне аб партнэрстве і супрацоўніцтве.

Паводле Літоўскага радыё, Літва зноў гатовая блякаваць пачатак перамоваў ЭЗ з Расеяй, бо на паседжаньні сталага камітэту паслоў ЭЗ у Брусэлі яе патрабаваньні не былі поўнасьцю ўлічаныя.

На паседжаньні сталага камітэту паслоў Эўразьвязу ў Брусэлі прадстаўнікі Нямеччыны, Францыі і некаторых іншых краінаў не прынялі літоўскія фармулёўкі мандату адносна замарожаных канфліктаў у Грузіі і Малдове. Астатнія тры патрабаваньні, сярод іх — аднаўленьне транспартаваньня нафты праз нафтаправод “Дружба”, былі падтрыманыя.

Паводле Літоўскага радыё, Вільня блякуе мандат на перамовы ЭЗ і Расеі да чарговай дыскусіі, якая мае адбыцца 26 траўня ў Брусэлі.

Кіраўніца інфармацыйнага дэпартамэнту Літоўскага МЗС Віялета Гайжаўскайце нагадала ў інтэрвію “Свабодзе”, што міністры замежных справаў Літвы, Славеніі, Польшчы і Швэцыі на сустрэчы ў Вільні ўхвалілі ўсе чатыры літоўскія патрабаваньні адносна мандату.

“Наш міністар замежных справаў Пятрас Вайцякунас заўсёды падкрэсьліваў, што Літва ня мае такой мэты — блякаваць перамовы паміж ЭЗ і Расеяй. Мы думаем, што гэтыя перамовы будуць вельмі важныя. І яны адкрыюць новыя магчымасьці. Але наша мэта, каб у мандаце да перамоваў адлюстраваліся ўсе надзённыя інтарэсы Літвы. Таму ў Вільні зьбіраліся чатыры міністры і была дасягнутая дамоўленасьць, што ў мандаце будуць адлюстраваны надзённыя інтарэсы Літвы. А цяпер канкрэтны тэкст мандату шліфуецца. І мы настойваем на тым, каб тое, пра што было дамоўлена ў Вільні, засталося ў мандаце на перамовы ЭЗ і Расеі”.

Ніякіх сыгналаў з боку Расеі ў справе аднаўленьня транспартаваньня нафты празь Беларусь у Літву нафтаправодам “Дружба” няма. Пра гэта паведаміў прадстаўнік прадпрыемства “Мажэйкю нафта” Росвалдас Гарбачовас:

“Гэтым летам будзе ўжо два гады, як “Дружба” не працуе. І ніякіх канкрэтных навінаў мы ня маем. Мы цяпер нафту атрымоўваем марскім шляхам. Палітычную частку мы хочам пакінуць палітыкам. Мы — бізнэсмэны і хочам рабіць бізнэс. І, вядома, калі будзе вырашана пытаньне наконт “Дружбы”, мы будзем рады. І цяпер мы гатовыя працаваць з “Дружбай”.

Пра сваю зацікаўленасьць у аднаўленьні транзыту на Літву расейскай нафты, якая цяпер даходзіць толькі да беларускага прадпрыемства “Нафтан”, заявілі і на наваполацкай “Дружбе”. Аднак пакуль сытуацыя не памянялася. Расея, як і раней, нафту на Літву не пампуе. Галоўны інжынэр наваполацкай “Дружбы” спадар Дробатаў заявіў, што прадпрыемства трымае ў гатоўнасьці ўсе аб’екты па аднаўленьні перапампоўваньня. Чаму гэта важна для Беларусі? Спадар Дробатаў сказаў:

“Гэта транзыт нафты, перапампоўваньне вядзецца паводле тарыфаў. Гэта выручка прадпрыемству. Гэта падаткі дзяржаве. Гэта працоўныя месцы”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG