Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянтаў цікавяць “Лялькі” Марачкіна


Сёньня мастака Аляксея Марачкіна выклікалі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску.

Нагадаем, мастака, сябра Сойму Партыі БНФ Аляксея Марачкіна затрымалі напярэдадні Дня Волі. У яго правялі ператрус у майстэрні, канфіскавалі расьцяжкі і транспаранты, а таксама карціну “Лялькі”. Самога мастака арыштавалі на пяць сутак — нібыта за тое, што ён нецэнзурна лаяўся. Арышт мастак правёў у прыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна.
Спадар Марачкін сказаў, што сёньня міліцыянты цікавіліся, хто рабіў плякаты і куды яны былі прызначаныя, а таксама пыталіся пра іхні зьмест. Таксама міліцыянты задавалі пытаньні пра вядомую карціну “Лялькі”. Усе гэтыя рэчы дагэтуль мастаку ня вернутыя.
Міліцыянты склалі пратакол “у сувязі з адміністрацыйнай адказнасьцю”. Аляксей Марачкін патлумачыў:
“Гэтая карціна зьявілася пасьля таго, як па НТВ перадавалі “Куклы”. Гэта было актуальна, цікава глядзець. І я на палатне намаляваў гэтыя шаржаваныя пэрсанажы. Жартавалі, сьмяяліся, адпаведны быў сарказм, і гэта было дазволена. Гэтая праца выстаўлялася ў Палацы мастацтва. Яна была вынята з загашніку, дзе яна ляжала скручаная каля дзесяці гадоў, я яе не выстаўляў. І раптам ім гэта спатрэбілася. Яны будуць раскручваць. Сёньня было ясна ў прысутнасьці адваката, каб мне навязаць абразу першай пэрсоны. Мяне гэта дзівіць, канечне. Хаця ў мяне яна нагадвае хутчэй Бармалея ў такім шаржаваным выглядзе. Аказваецца, гэта пэрсона недатыкальная і нават шарж нельга зь яе рабіць. Пасьля гэтага, яны сказалі, будзе нейкая экспэртыза. Будуць правяраць гэтыя вобразы, вымяраць насы. Як ён, гэты нос, адносіцца да арыгіналу, вусы і гэтак далей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG