Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Бярозаўцы вандалы зруйнавалі дзясяткі магіл


Паводле жыхароў, на месцы здарэньня ўжо працавалі крыміналісты. Заведзеная, нібы, і крымінальная справа. Аднак міліцыя пакуль захоўвае маўчаньне.

“Дадзеную інфармацыю я не магу вам прадставіць...”

Гэта быў адказ апэратыўнага дзяжурнага па Лідзкаму РАУС. На могілках я сустрэў 66-гадовую спадарыню Аляксандру. Яна інвалід другой групы. 42 гады адпрацавала на шклозаводзе, дзе атрымала траўму рукі. Кабета ледзь шкандыбала на разбураную таксама магілу мужа. Ня ўтойвала сьлёз.

“Ой, шмат – за 30 помнікаў. Хто меў за што, паставіў на месца. А за што я пастаўлю, калі 4 гады зьбірала дзеду на помнічак і сабе зрабіла чорненькі такі?! Няма моцы і сьмерці няма, хоць на цукровіцу хварэю 26 год...”

Адчай спадарыні Аляксандры падвоены тым, што надзеі на аднаўленьне помніка, бадай, няма.Уся пэнсія пасьля скасаваньня льготаў ідзе на лекаваньне.

“Я бязь лекаў жыць не магу, - кажа яна. – А хто мяне глядзіць?! Адна жыву, прыйду да дзеда, паплачу. Нічога не далі нам, галубок. Лекаў прыйду, каб выпісалі ад стэнакардзіі – ніхто і гаварыць ня хоча, маё ты дзіцятка. Лукашэнка прыехаў, гаварыць ні з кім не хацеў з такіх рабочых. Цяпер бальніцу закрылі і на яе месца паліклініку – я ж не дайду 2 км, мілы мой чалавек...”

Сытуацыю дасьледуе і рэдактар незалежнай газэты “Вольная Бярозаўка” Сяржук Пантус. Дарэчы, першы яе нумар выйшаў месяц таму.

“Быў выпадак менавіта з-за тых вандалаў, – распавядае ён. – Помнік быў парушаны, ненадзейна стаяў. Прыйшлі сёстры да памерлай матулі. І зваліўся на малую дзяўчынку – абаперлася на яго. І помнік прыдушыў яе насьмерць...”

Пакуль жа, кажа Сяргей, шараговыя бярозаўцы варожаць, як гэтым разам пракамэнтуе сытуацыю Аляксандр Лукашэнка, калі раптам дазнаецца пра яе ў часе прыезду.

“Чакаем прыезду Лукашэнкі.У 2005 годзе быў тут. Уся Бярозаўка сьмяялася. Бізуна даваў усім, уключаючы дырэктара. А пры канцы пры людзях, пры журналістах – нават наўпроставы эфір па радыё ішоў – сказаў: “калі праз два гады ў вас нічога не зьменіцца, дзярмо вы, дзярмо ваша начальства...”



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG