Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страмкоўская: “Чаму Астроўскага судзілі бязь сьведак?”


Адвакатка Вера Страмкоўская абараняе ў судзе інтарэсы расейскага грамадзяніна Сяргея Астроўскага, які спрабуе аспрэчыць прысуд, вынесены Цэнтральным раённым судом Менску, у гарадзкім судзе.


Нагадаем, скаргу Сяргея Астроўскага разгледзяць сёньня, 13 траўня, пасьля 15 гадзіны. Расеец спрабуе давесьці, што насамрэч ня лаяўся на супрацоўнікаў ДАІ, якія спынілі ягоны аўтамабіль за перавышэньне хуткасьці.

“Сяргея Астроўскага судзілі бязь сьведак, без адваката. Чаму? Хіба гэта ўжо ня ёсьць законнай падставай для адмены прысуду? Мой падабаронны аспрэчвае пратакол, паводле якога нібыта лаяўся на міліцыянтаў. Ён кажа, што мусіў прызнаць сябе вінаватым, інакш яму б далі не грашовы штраф, а некалькі дзён арышту. Напярэдадні ён адбыў у нашай турме ноч, умовы там жахлівыя, таму ён гатовы быў прызнаць што заўгодна, абы ня трапіць у турму зноў. Да таго ж кожны дзень знаходжаньня ў Менску для Сяргея Астроўскага, які ёсьць буйным бізнесоўцам, пагражаў стратай вялікіх грошай”, — паведаміла Вера Страмкоўская.

Нагадаем, інцыдэнт з расейскім грамадзянінам Сяргеем Астроўскім адбыўся ў Менску месяц таму, 13 красавіка. Яго аўтамабіль спынілі за перавышэньне хуткасьці, але расеец з гэтым не пагадзіўся і даводзіў, што насамрэч правілаў не парушаў. Паводле Сяргея Астроўскага, менскія “даішнікі” пачалі вымагаць у яго грошы, але плаціць ён адмовіўся і заявіў, што будзе скардзіцца іх кіраўнікам. Тады, як сьцьвярджае Сяргей Астроўскі, яго нібыта зьбілі і адвезьлі ў пастарунак, адкуль на наступны дзень прывезьлі ў суд. “Беларускія дактары, якіх выклікалі да мяне міліцыянты, адмовіліся засьведчыць сьляды зьбіцьця на маім твары”, — кажа Сяргей Астроўскі.

У супрацоўнікаў ДАІ, якія спынілі расейца, свая вэрсія здарэньня. Паводле міліцыянтаў, бойку зь імі ў службовым аўтамабілі ўчыніў сам Сяргей Астроўскі. Міліцыянты спынілі на дарозе сьведку, паказалі яму ў аўтамабілі ДАІ затрыманага Сяргея Астроўскага. Гэты чалавек нібыта сьведчыць, што словы міліцыянтаў — праўда. У якасьці рэчавага доказу супрацоўнік ДАІ дэманструе парваную кішэню службовай курткі.

Служба ўнутранай бясьпекі МУС правяла праверку заявы Сяргея Астроўскага і вырашыла, што ягоная скарга на дзеяньні супрацоўнікаў ДАІ не пацьверджаная фактамі.

Сяргей Астроўскі падаў таксама скаргу на міліцыянтаў у пракуратуру Менску. Адказу пакуль няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG