Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ЗША пакідаюць дзьверы для Беларусі адчыненымі”


Шостага траўня на разгляд Кангрэсу ЗША быў унесены законапраект аб працягу на два года дзеяньня Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які ўступіў у дзеяньне ў кастрычніку 2004 году і быў працягнуты прэзыдэнтам Бушам у 2006 годзе.


Спонсарамі рэзалюцыі Палаты прадстаўнікоў № 5970 выступілі кангрэсмэны Крыстафэр Сьміт, Элсі Гэйстынгс, Тэд Маккотэр, Джэймс Макговэрн, Фрэнк Палан, Майк Макінтайр і шэраг іншых амэрыканскіх заканадаўцаў.

Гэтую падзею ў інтэрвію “Голасу Амэрыкі” камэнтуе Арэст Дэйчакіўскі, старэйшы экспэрт Камісіі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе, якую таксама называюць “Хэльсынскай камісіяй” ЗША.

Карэспандэнт: Сп.Дэйчакіўскі, ці можна разглядаць Акт аб дэмакратыі ў Беларусі як свайго кшталту рэакцыю на апошняе абвастрэньне дыпляматычных стасункаў між Менскам і Вашынгтонам?

Дэйчакіўскі: Унесены днямі Акт зьяўляецца дапрацаваным варыянтам першага Акту аб дэмакратыі ў Беларусі. Яго варта паўторна зацьвярджаць кожныя два гады, таму што фінансаваньне пад яго прадугледжана менавіта на такі пэрыяд. Мы абавязаны былі гэта зрабіць. Гэта азначае, што тут няма сувязі зь цяперашнім дыпляматычным скандалам.

Аднак у гэтым кантэксьце вельмі важна адзначыць наступнае. Калі б за мінулы пэрыяд сытуацыя ў Беларусі радыкальна зьмянілася да лепшага, то неабходнасьці ў новым працягу Акту папросту не было б. Іншымі словамі, калі б у Беларусі спыніліся парушэньні правоў чалавека, палепшылася становішча дэмакратыяй, калі б рэжым Аляксандра Лукашэнкі спыніў рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, не было б патрэбы разглядаць гэтае пытаньне ў Кангрэсе.
Калі б за мінулы пэрыяд сытуацыя ў Беларусі радыкальна зьмянілася да лепшага, то неабходнасьці ў новым працягу Акту папросту не было б.


Але ў сапраўднасьці мы назіраем наступнае: толькі за апошніх два месяцы мы маем прысуды беларускіх уладаў у дачыненьні да актывістаў моладзевага руху за ўдзел у мірных дэманстрацыях, затрыманьні незалежных журналістаў, штрафы праваабаронцам за збор подпісаў за перагляд рэпрэсіўнага закону аб веравызнаньні з 2002 году. Аляксандар Казулін па-ранейшаму знаходзіцца ў турме, і зьявіліся нават яшчэ два новыя палітвязьні – Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч. У беларускай турме знаходзіцца амэрыканскі грамадзянін Эмануіл Зэльцэр, і мы прасілі вызваліць яго на падставе гуманітарных меркаваньняў паводле стану ягонага здароўя, якое пагоршылася. На фінансаваныя Кангрэсам ЗША сродкі масавай інфармацыі ў інтэрнэце была арганізаваная хакерская кібэр-атака, і гэтак далей.

Таму, на жаль, мы ня бачым ніякага паляпшэньня сытуацыі ў сфэры дэмакратыі і захаваньня правоў чалавека ў Беларусі пры цяперашнім рэжыме.

Карэспандэнт: Унесены днямі ў Кангрэс Акт аб дэмакратыі ў Беларусі зьяўляецца трэцім па ліку законапраектам. Ці ёсьць у ім нейкія адрозьненьні ад папярэдніх?

Дэйчакіўскі: Асноўныя палажэньні засталіся тыя ж, што і ў Акце 2006 году: гэта падтрымка праваабаронцаў, незалежных СМІ і прафсаюзаў, моладзевых рухаў, палітычных партый дэмакратычнай арыентацыі. Асобна выдзеленая падтрымка незалежнага радыё- і тэлевяшчаньня на Беларусь, і, канечне, сфармуляваныя эканамічныя і візавыя санкцыі супраць чальцоў беларускага кіраўніцтва і г.д.

Самыя заўважныя зьмены закранулі ў першую чаргу канстатацыйную частку абноўленага законапраекту. У ёй прыведзеныя апошнія дадзеныя пра тое, што адбываецца ў Беларусі, выказваецца падтрымка дзеяньням Дзярждэпартамэнту і Міністэрства фінансаў ЗША ў пляне рэалізацыі дзейнага Акту – захадам у дачыненьні “Белнафтахіму”.

Аднак у законапраекце таксама ўтрымліваецца канстатацыя, якой мы хочам паслаць адпаведны сыгнал рэжыму Лукашэнкі: Злучаныя Штаты застаюцца гатовымі да перагляду сваёй палітыкі ў дачыненьні да Беларусі, калі ўлады гэтай краіны зробяць рэальныя крокі, якія дазволілі б казаць пра прагрэс у накірунку дэмакратыі і правоў чалавека. Іншымі словамі, мы пакідаем дзьверы адчыненымі.

Варта адзначыць яшчэ адну акалічнасьць. Кажучы пра вяшчаньне на Беларусь, мы спэцыяльна ўзгадалі “Радыё Свабода”, “Голас Амэрыкі”, “Эўрапейскае радыё для Беларусі” і “Белсат”. Мы лічым, што вельмі важным зьяўляецца прарыў інфармацыйнай блякады, уведзенай беларускім рэжымам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG