Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зьнішчаюць “Газэту Слонімскую”?


“Газэта Слонімская” — адзінае афіцыйна зарэгістраванае незалежнае грамадзка-палітычнае выданьне, якое ацалела на Гарадзеншчыне.


Аднак цяпер і слонімская рэдакцыя сутыкнулася з шэрагам праблемаў, якія пагражаюць яе далейшаму існаваньню. Дзяржаўныя арэндадаўцы адмаўляюцца працягваць дамову на арэнду офісу рэдакцыі, а мясцовыя ўлады пагражаюць скасаваць цяперашнюю сыстэму распаўсюду газэты.

Нядаўна калектыў “Газэты Слонімскай” адзначыў 10-гадовы юбілей. Аднак няма ніякіх гарантыяў, што гэты юбілей ня стане апошнім. Пра праблемы, якія паўсталі перад рэдакцыяй, распавядае адказны сакратар выданьня Мікалай Канановіч:

“З канцом траўня ў нас заканчваецца дамова арэнды памяшканьня рэдакцыі. 1 чэрвеня мы проста можам апынуцца на вуліцы, калі не працягнем арэнду ў гэтым памяшканьні, альбо калі рэдактар усё ж ня знойдзе нейкае іншае памяшканьне, якое пакуль не атрымліваецца знайсьці. Таму што ёсьць такая негалосная забарона арганізацыям, прадпрыемствам не пускаць нашу газэту”.

Карэспандэнт: “Ваш арэндадаўца — дзяржаўнае прадпрыемства?”

“Калі дакладна, то камунальнае, але ў нашых умовах што камунальнае, што дзяржаўнае — розьніцы, па сутнасьці, няма. Наш арэндадаўца — камбінат бытавога абслугоўваньня насельніцтва. А другая праблема ў гэтым шэрагу — ліцэнзія райвыканкаму на розьнічны гандаль на вуліцах гораду. Дастаткова адабраць гэты дазвол, не працягнуць яго, таму што ён таксама заканчваецца ў чэрвені, і тады ўся наша сыстэма распаўсюду, якая зараз існуе, “лясьне”. Проста гэтых бабулек на вуліцы, якія цяпер прадаюць нашу газэту, будуць адлоўліваць. Ёсьць іншая магчымасьць — наша ўласная падпіска, але гэта невялікі працэнт ад усяго агульнага накладу, які ідзе праз агульную падпіску. Асноўны наклад прадаецца на вуліцах гораду”.

Карэспандэнт: “Які ўвогуле наклад вашай газэты?”

“Наклад газэты — крышку больш за 7 тысяч асобнікаў. І яшчэ ёсьць у нас іншая газэта — “Аддушына”. Цяпер мы асобна прадаём дзьве газэты. “Аддушына” таксама зарэгістраваная як грамадзка-палітычная, але яна больш лёгкага накірунку. Больш адрасавана моладзевай аўдыторыі, дзецям старонка штонумар рыхтуецца. Прадаецца ў дыяпазоне 4,5—5 тысячаў асобнікаў. Але такога грамадзка-палітычнага гучаньня, канечне, — “Газэта Слонімская”. Чытаюць, бо ўсё, што мы друкуем, прадаецца. Газэта запатрабаваная, купляюць самыя розныя сацыяльныя і ўзроставыя групы”.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, намесьнік кіраўніка Цэнтру прававой дапамогі СМІ пры БАЖ Андрэй Бастунец лічыць, што супраць “Газэты Слонімскай”, якая па выніках 2007 году фондам “Цайт” прызнаная адной з найлепшых ва Ўсходняй Эўропе, пачалася мэтанакіраваная кампанія на зьнішчэньне:

“Тое, што адбываецца ў Слоніме, — гэта наступ на выданьне з усіх бакоў. Перашкоды ў распаўсюдзе, пагроза пазбавіць ліцэнзіі на розьнічны гандаль, скасаваньне дамовы арэнды. А вось зараз — спроба выклікаць рэдактара на вайсковыя зборы і, зноў жа, цікавасьць да яго з боку КДБ і ўмяшаньне ў таямніцу прыватнага жыцьця. Гэта ўсё сьведчыць пра тое, што гэтыя дзеяньні неяк узгодненыя і накіраваныя на зьнішчэньне адзінага на Гарадзеншчыне зарэгістраванага незалежнага выданьня. Але, нягледзячы нават на тыя праблемы з распаўсюдам, на тое, што іх выключылі з падпіскі, што іх выкінулі з шапікаў “Белсаюздруку”, яны маюць дастаткова вялікі наклад, каля 7 тысячаў асобнікаў. Яны за мінулы год былі названыя фондам “Цайт” адным з найлепшых выданьняў Усходняй Эўропы, былі ўзнагароджаныя. І зразумела, што гэтае выданьне ў рэгіёне карыстаецца і папулярнасьцю, і павагай. Цікавае выданьне”.

Галоўны рэдактар адзінага на Віцебшчыне незалежнага грамадзка-палітычнага выданьня “Вольнае Глыбокае” Ўладзімер Скрабатун салідарны са слонімскімі калегамі, якія намагаюцца пераадолець складаную сытуацыю. Але і ён лічыць, што газэту “замовілі” перадусім з палітычных матываў:

“Канечне, тут больш палітыкі, я так разумею. Бо я ня думаю, што ў межах Гарадзенскай вобласьці “Газэта Слонімская” істотна робіць надвор’е. Натуральна, што яна абуджае мясцовы патрыятызм, піша пра гісторыю, падае навіны рэгіёну. Але ж нават паводле закону “Аб выбарах” ня ўсё можна друкаваць прыватным газэтам, і я ня думаю, што напярэдадні наступных парлямэнцкіх выбараў яна на нешта можа паўплываць у значнай ступені. Але, як звычайна кажуць: ёсьць чалавек — ёсьць праблема, няма чалавека — і праблемы няма. Іншымі словамі, ёсьць газэта, дык, здаецца, ёсьць вакол яе і праблемы. А ня будзе газэты — дык і праблемы зьнікнуць. Улады знойдуць любы спосаб, каб гэта зрабіць — пра які нават мы і не падазраём”.

Найбліжэйшы нумар “Газэты Слонімскай” выйдзе з водгукамі чытачоў. Для шмат каго зь іх гэтае выданьне — адзіная крыніца непадцэнзурнай інфармацыі. Іншыя распавядаюць, як, прыходзячы ў райвыканкам, бачаць “Газэту Слонімскую” на сталах у чыноўнікаў. А старшыня мясцовага добраахвотнага таварыства садаводаў і гароднікаў Вольга Асотава ў сваім допісе кажа, што на яе зварот пра перарэгістрацыю дачных таварыстваў юрыст выканкаму папросту зачытаў тлумачэньне, надрукаванае ў незалежнай газэце. Але рэдакцыі ад такой папулярнасьці лягчэй пакуль не становіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG