Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: актывісты апазыцыі ішлі асобнай калёнай


Прадстаўнікі аб'яднаных дэмакратычных сілаў ускладаюць вянкі й жывыя кветкі да помніка салдатам-вызваліцелям і падпольшчыкам
Прадстаўнікі аб'яднаных дэмакратычных сілаў ускладаюць вянкі й жывыя кветкі да помніка салдатам-вызваліцелям і падпольшчыкам

Сёньня прадстаўнікі аб'яднаных дэмакратычных сілаў Гомеля ўсклалі вянкі да помніка салдатам-вызваліцелям і падпольшчыкам на плошчы Працы.


Напачатку тут прайшла афіцыйная цырымонія ўскладаньня вянкоў з удзелам мясцовых кіраўнікоў, трохразовым салютам і ўрачыстым маршам памежнікаў, курсантаў інжынэрнага інстытуту МНС і ўнутраных войскаў. Толькі пасьля гэтага прадстаўнікі АГП, ПКБ, стваранага руху “За свабоду”, Партыі працоўных, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі сталі ў калёну, каб ускласьці да помніка салдатам-вызваліцелям вянкі й жывыя кветкі.

Гаворыць старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

“Традыцыйна гэтае месца ў Гомелі зьвязана са сьвятамі. Тут адбываюцца сьвяткаваньні Дня Перамогі, іншых важных датаў. Таму прадстаўнікі аб'яднаных дэмакратычных сілаў і прыйшлі сюды, каб ушанаваць памяць тых, хто аддаў свае жыцьцё за нашу будучыню, за тое, каб Беларусь была вольнай, дажыла да 27 ліпеня 1991 году, калі была абвешчана незалежнасьць. Каб не было Перамогі, не было б і незалежнай Беларусі”.

Былая старшыня Гомельскага гарсавету і гарвыканкаму, сябра АГП Сьвятлана Гальдадэ лічыць Дзень Перамогі сваім найпершым сьвятам:

“Самае галоўнае сьвята ў маім жыцьці, бо я нарадзілася ў 1946 годзе, пасьля таго, як мой бацька вярнуўся з вайны”.

Прыхільнік стваранага руху “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Андрэй Цянюта ўскладаў з паплечнікамі да помніка салдатам-вызваліцелям вянок з надпісам: “Божа, супакой іх душы”:

“Для мяне асабіста гэты дзень азначае перамогу над адной з таталітарных ідэалёгіяў — менавіта над фашызмам. Гэта дзень, калі наш народ на аднаго акупанта меней стаў цярпець прыгнёт”.

Ускладаньне вянкоў дэмакратычнымі актывістамі здымалі на відэакамэры цывільныя апэратары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG