Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насту Палажанку выключылі са «сьпісу невыязных»


Намесьніца старшыні «Маладога Фронту» Наста Палажанка атрымала адказ зь Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на свой зварот з патрабаваньнем растлумачыць, чаму яе ўнесьлі ў "сьпіс невыязных".


У адказе МУС, напісаным па-беларуску, адзначаецца:

"Вашы пашпартныя дадзеныя выключаны з ведамаснага банка дадзеных МУС аб грамадзянах Рэспублікі Беларусь, права якіх на выезд за мяжу часова абмежавана, таму што яны былі памылкова зьмешчаны ў банку дадзеных у сувязі са збоем у працы праграмна-апаратнага комплексу. МУС Беларусі прыносіць Вам свае прабачэньні".

Уначы 4 красавіка Насту Палажанку высадзілі з цягніка,што накіроўваўся ў Варшаву, на падставе таго, што на яе быццам бы заведзена другая крымінальная справа, якая ўжо знаходзіцца на разглядзе ў пракурора. З гэтай нагоды дзяўчына занесена ў "сьпіс невыязных" і ёй забаронена пакідаць межы Беларусі. На наступны ж дзень Наста напісала заяву з просьбай выкрасьліць яе са згаданага сьпісу, куды яе дадзеныя былі зьмешчаны незаконна.

Наста Палажанка лічыць, што яе невыпадкова зьнялі з цягніка. У той дзень у Варшаве яна павінна была мець шэраг важных сустрэч, зьвязаных зь дзейнасьцю «Маладога Фронту». У інтэрвію нашаму радыё спадарыня Наста сёньня сказала:

«Непрыемны сам момант, за што яны выбачаліся. Гэта занадта лёгкі фармат. Яны будуць не пускаць людзей за мяжу, а потым пісаць лісты па-беларуску і выбачацца.

Будзем глядзець, што будзе надалей. Калі сапраўды больш ня будзе такіх сытуацыяў, калі людзей будуць здымаць з цягніка на мяжы, тым больш з такім абвінавачваньнем, што заведзеная новая крымінальная справа, гэта адно. А так я нават крыху павесялілася – міністэрства ўнутраных справаў і прабачэньне па-беларуску?! Дзіўна».



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG