Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў: паўнаўладны прэзыдэнт ці «ангельская каралева»?


Заўтра адбудзецца інаўгурацыя – афіцыйнае ўступленьне на пасаду – новага прэзыдэнта Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева. Аднак дагэтуль невядома, ці сапраўды Мядзьведзеў стане рэальным кіраўніком краіны, ці ўлада застанецца ў руках новага прэм'ер-міністра і былога прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна.

Цырымонія ўступленьня на пасаду будзе перадавацца па каналах расейскага тэлебачаньня, на ёй будзе прысутнічаць уся расейская афіцыйная эліта, уключна з Патрыярхам Расейскай Праваслаўнай царквы. Але якую пасаду насамрэч зойме заўтра Дзьмітры Мядзьведзеў?

Учора Ўладзімер Пуцін правёў апошняе пасяджэньне ўраду ў якасьці прэзыдэнта. З ягоных словаў, сказаных там, не вынікала, што ён сыходзіць у палітычны цень:

“Хачу ўсім пажадаць посьпехаў на карысьць Расеі. Яшчэ раз дзякуй усім за супрацоўніцтва, падтрымку і дапамогу. Наперадзе вялікая, напружаная праца. Упэўнены, што вы ўсе да яе гатовыя, упэўнены, што мы дасягнем пастаўленых мэтаў. І, зразумела, хачу пажадаць посьпехаў Дзьмітрыю Анатольевічу Мядзьведзеву”.

Лідэр ставіць задачы, рыхтуе падначаленых да працы, нібыта і не сыходзіць нікуды. У гэтай сытуацыю ягонае “зразумела” гучыць нават крыху зьдзекліва.

Экспэрт маскоўскай філіі дасьледнага цэнтру Heritage Foundation Яўген Воўк мяркуе, што ўлада і пасьля заўтрашняга дня застанецца ў руках Пуціна:

“Я мяркую, што немагчыма гаварыць аб рэальнай перадачы ўлады. Уся структура ўлады, якая сфармавалася пры Пуціне, фактычна застаецца, больш таго, Пуцін зрабіў усё магчымае, каб у новай якасьці прэм'ер-міністра захаваць тыя паўнамоцтвы, якія раней меў прэзыдэнт”.

Літаральна напярэдадні зыходу з прэзыдэнцкай пасады Пуцін прыняў некалькі важных рашэньняў, паводле яго ўказу губэрнатары, якіх прызначае прэзыдэнт, цяпер будуць несьці адказнасьць у большай ступені перад урадам, чым перад прэзыдэнцкай адміністрацыяй. Варта прыгадаць і нядаўняе абраньне Пуціна старшынём партыі “Единая Россия”, якая мае канстытуцыйную большасьць у Дзярждуме.

Працягвае Яўген Воўк:

“Пуцін зрабіў ужо і шэраг кадравых перастановак, у апарат ураду пераведзеныя людзі, якія адказвалі за ягоныя сувязі з грамадзкасьцю, асобы, якія рыхтавалі ягоныя прамовы. Я мяркую, што гэты працэс перацяканьня людзей каманды Пуціна з адміністрацыі прэзыдэнта ва ўрад, зь іх сувязямі, зь іх моцнымі каналамі ўплыву, будзе працягвацца”.

Аляксей Малашэнка з маскоўскага цэнтру Карнэгі не выключае, што Мядзьведзеў наагул не даседзіць да канца поўнага прэзыдэнцкага тэрміну:

“Я мяркую. што найлепшы мэтад для Пуціна – гэта зьвязаць рукі Мядзьведзеву. Магчыма, што Мядзьведзеў не застанецца на прэзыдэнцкай пасадзе ўсе 4 гады, ня выключана, што Пуцін заменіць яго праз кароткі тэрмін”.

Паводле сьвежага анэкдота Пуцін на пытаньне, ці павесіць ён ў сваім прэм'ерскім кабінэце партрэт прэзыдэнта Мядзьведзева, адказаў: “Шкуру павешу”. Аднак на думку Аляксея Малашэнкі ўсё ж пакуль рана ўпэўнена казаць пра тое, што Мядзьведзеў будзе адно пуцінскай марыянэткай:

“Я мяркую, што Пуцін будзе выконваць дзьве ролі – прэм'ер-міністра і рэальнага прэзыдэнта. Але я ня думаю, што Мядзьведзеў зьмірыцца з сытуацыяй, якая ёсьць на гэты момант. Ня выключана, што ён запросіць у сваю каманду новых людзей, больш лібэральных, чым людзі з каманды Пуціна. Гэта магчыма”.

Варта прыгадаць, што пасьля прыходу да ўлады самога Пуціна многія мэдыі і экспэрты ўпарта лічылі яго паслухмянай марыянэткай ельцынскай палітычнай “сям'і”. Гэтыя глыбакадумныя развагі цалкам зьніклі тады ўжо праз паўгода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG