Каля гадзіны доўжылася першая пасьля суду сустрэча Тацяны Кім з сынам. Нагадаю, Андрэя асудзілі на 1,5 года зьняволеньня за дзеяньні падчас мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. На мінулым тыдні Андрэй патрапіў у рэспубліканскі турэмны шпіталь з запаленьнем вачэй. Вось што Тацяна Кім распавяла пра ягоны стан здароўя сёньня, 30 красавіка:
“Вочы ў яго, вядома, хворыя. Асабліва левае вока — чырвонае-чырвонае! Яму тэрмінова спатрэбіліся акуляры. Доктар сказаў, што яго абсьледуюць, і ён у лісьце мне вышле рэцэпт, паводле якога трэба яму купіць акуляры”.
Зрок у Андрэя Кіма пачаў рэзка пагаршацца пасьля таго, як у студзені яго зьмясьцілі ў менскі сьледчы ізалятар. Дактары казалі маці актывіста пра інфэкцыю, але Тацяна Кім згадвае скаргі сына таксама на цемру ў камэры і на тое, што там увесь час паляць, ад чаго ягоныя вочы і пачалі сьлязіцца. “Зараз, у шпіталі, дзе ня паляць, боль у вачах стаў меншы”, — спасылаецца на сына Тацяна Кім.
Андрэй Кім скардзіўся таксама на боль у сэрцы. Што кажуць наконт гэтага турэмныя мэдыкі? Доктар, які выйшаў сёньня да сваякоў пацыентаў рэспубліканскага турэмнага шпіталя, на маё пытаньне пра самаадчуваньне Андрэя Кіма адказаў каротка: “Добрае”. Больш ніякай інфармацыі ад мэдыка атрымаць не ўдалося. Тацяна Кім паведаміла, што зь ёй турэмныя мэдыкі таксама не былі шматслоўныя. Калі Андрэя выпішуць са шпіталя, ёй не сказалі.
Тацяне Кім дазволілі перадаць сыну садавіну.
“Садавіну: яблыкі, ігрушы, лімон, арэхі. А пасьля 9 траўня змагу перадаць звычайную перадачу. І цукеркі, і гарбату, і каўбасу. Тое, што ён просіць”.
Андрэя Кіма суд прызнаў вінаватым у зьбіцьці міліцыянта. Тацяна Кім згадвае, што відэастужкамі, паказанымі ў судзе, гэтае абвінавачаньне не было даказанае. Паводле Тацяны Кім, яе сын заявіў, што будзе абскарджваць прысуд. Актывіст плянуе празь некалькі дзён сустрэцца з адвакатам і падрыхтаваць касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд.