Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я паспрабаваў даведацца, як можна ўступіць у “Белую Русь”...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 30 красавіка 2008 году


На працягу апошняга году з ініцыятывы і пры ўдзеле чыноўнікаў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі былі створаны суполкі грамадзкай арганізацыі “Белая Русь”, якая ва ўсім падтрымлівае палітыку прэзыдэнта Лукашэнкі. Дзеля чаго гэта зроблена?

Наш слухач Уладзімер Іваноў са Смаргоні паспрабаваў знайсьці адказ на гэтае пытаньне зь першакрыніцаў — і з гэтай мэтай накіраваўся ў райвыканкам. Што з такой спробы атрымалася? Цытую ягоны ліст на “Свабоду”:

“Пайшоў я на прыём да намесьніка старшыні раённай арганізацыі, — піша слухач. — Сустрэлі мяне вельмі насьцярожана. Пытаюся: “У чым розьніца паміж КПБ і “Белай Русьсю”? І тыя ж, і другія — за Лукашэнку?” На гэта мне нічога ўцямнага не адказалі.

— А як уступіць у арганізацыю?

Сказалі, што патрэбны калектыў, які б ім мяне парэкамэндаваў. Гэта значыць, я павінен давесьці сваю ляяльнасьць да цяперашняй улады.

Увосень — выбары ў Палату прадстаўнікоў. Ад Смаргоні зь верагоднасьцю 90 працэнтаў зноў будзе балятавацца цяперашняя дэпутатка Голубева. “Белая Русь” свайго кандыдата выстаўляць не зьбіраецца — значыць, падтрымае Голубеву.

І дзеля чаго ствараць арганізацыі, якія дублююць адна адну?

Яшчэ адно пытаньне — пра будаўніцтва АЭС. Вялікі розгалас у нас выклікала паведамленьне, што атамную станцыю могуць пабудаваць у раёне Астраўца — гэта 45 кілямэтраў ад Смаргоні. Мясцовае тэлебачаньне праводзіла апытаньне, дык ніводзін чалавек не падтрымаў такую ідэю. Хто нас застрахуе ад другога Чарнобылю? Хто дасьць гарантыю, што ўсьлед за Палескім радыяцыйным запаведнікам ня зьявіцца Астравецкі?

На маю думку, калі так ужо неабходна будаваць АЭС, дык варта разьмясьціць яе там, дзе ўжо і так забруджаная радыяцыяй зямля”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ўладзімер Іваноў са Смаргоні.

Толькі самі людзі здольныя прымусіць уладу лічыцца са сваёй думкай і выконваць экалягічнае заканадаўства. На працягу мінулых тыдняў мы ня раз зьвярталі ўвагу на сытуацыю вакол будаўніцтва хімічнага заводу ў пасёлку Дружным Пухавіцкага раёну. Сотні людзей там працягваюць змаганьне за сваё права жыць у экалягічна чыстым асяродзьдзі. І чыноўнікі вымушаны рэагаваць на гэтыя пратэсты. Не было б іх — небясьпечную вытворчасьць пэстыцыдаў маглі б разьмясьціць ледзь не пад вокнамі мясцовых жыхароў.

Аўтарка наступнага ліста Галіна Александроўская з Магілёва выказваецца наконт геаграфіі апошніх паездак прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі. Яна піша:

Візыты ў Паўднёва-Ўсходнюю Азію па нейкія дзясяткі мільёнаў даляраў лічу прыніжальнымі. Бо адначасова на эўрапейскім напрамку мы губляем сотні мільёнаў, а мо і мільярды эўра. Пра што гэта сьведчыць? Пра эфэктыўнасьць і пасьпяховасьць такой улады, якая абсалютна не хвалюецца за сваіх грамадзянаў. Яны хвалююцца і думаюць толькі пра сябе”,

— напісала ў сваім лісьце на “Свабоду” Галіна Александроўская з Магілёва.

Што неабходна зрабіць дзеля таго, каб беларускіх кіраўнікоў сталі прымаць на Захадзе, гэтыя кіраўнікі добра ведаюць. Пакуль, аднак, яны робяць выбар на карысьць узмацненьня палітычных рэпрэсіяў, а не наладжваньня дыялёгу з дэмакратычнай супольнасьцю. Таму даводзіцца пакуль лётаць туды, дзе прымаюць.

Нашаму слухачу Ігару Сьцябулю зь Менску сярод перадачаў “Свабоды” найбольш падабаюцца падарожныя нарысы Зьмітра Бартосіка. Ігар піша:

“Вельмі цікавае было падарожжа ў пасёлак Радашкавічы Маладэчанскага раёну. Яно мяне настолькі закранула, што я вырашыў сам выправіцца па сьлядах шаноўнага спадара Бартосіка. У мінулую суботу пабываў на імшы ў Белым касьцёле. Было цікава паглядзець, пагаварыць зь людзьмі.

Ёсьць у мястэчку добра дагледжаныя куткі. А вось кінатэатар “Мір” працуе чамусьці толькі па выхадных. Моладзі пасьля працы падацца асабліва няма куды. Бавяцца з пляшкай піва ў руках”,


— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Ігар Сьцябуля зь Менску.

Кіназалі дамоў культуры ў большасьці беларускіх пасёлкаў працуюць некалькі дзён на тыдзень. Гледачоў усё меней, бо і квіткі нятанныя, і хатняе відэа стала больш даступным. Дый фільмы ў пасялковыя кінатэатры прывозяць ня самыя новыя.

У аглядзе званкоў 12 красавіка адзін са слухачоў цікавіўся, чаму цэны на шмат якія тавары ва Ўкраіне ніжэйшыя, чым у Беларусі. Экспэрты “Свабоды” ў сваіх адказах акцэнтавалі ўвагу на тым, што ва Ўкраіне пераважае рынкавая эканоміка і свабодная канкурэнцыя, а ў Беларусі — дзяржаўнае рэгуляваньне. Наш слухач Анатоль Жэрдзеў з Гомеля лічыць, што адказваць слухачам на такія пытаньні варта больш даходліва і зразумела, маючы на ўвазе тое, што большасьць аўдыторыі эканамічнай адукацыі ня мае. У сваім лісьце на “Свабоду” спадар Жэрдзеў піша:

“Вось просты прыклад. У двух рабочых — аднолькавае заданьне: напоўніць вадой бочку. Але аднаму дзеля гэтага далі навюткае вядро, а другому — дзіравае, як рэшата. Дык хто хутчэй выканае задачу? Адказ відавочны.

Тое ж і ў эканоміцы. У той дзяржаве, дзе ўсё робіцца дзеля свабоднага руху капіталаў, а падатковае заканадаўства празрыстае і аптымальнае — з кожным абаротам капіталу частка яго пералічваецца ў бюджэт. Чым большы абарот, тым паўнейшы бюджэт і багацейшая дзяржава.

А там, дзе любы чыноўнік — пуп зямлі і можа ўсяляк тармазіць бізнэс, абарот капіталу зьніжаецца. Затурканы бізнэсмэн, імкнучыся абысьці такога чыноўніка, пускаецца ў ценявы бізнэс. А адтуль грошы ідуць не ў бюджэт, а на разьвіцьцё ўсіх відаў крыміналу. У такой дзяржаве багатымі будуць толькі злачынцы рознага кшталту, а тым, хто жыве на адну зарплату ці пэнсію, давядзецца ледзь зводзіць канцы з канцамі
”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Анатоль Жэрдзеў з Гомеля.

Слушныя заўвагі, спадар Жэрдзеў. Менавіта дзеля таго, каб пра складанае гаварыць простай і даходлівай мовай, пры абмеркаваньні эканамічных праблемаў мы імкнемся даваць слова ня толькі эканамістам і палітыкам, але і тым людзям, якія мяркуюць пра гэтыя праблемы, зыходзячы найперш з уласнага жыцьцёвага досьведу. Гэтыя меркаваньні гучаць і ў апытаньнях людзей на вуліцы, і ў лістах ды званках нашых слухачоў.

Аўтар наступнага ліста, Сяргей Фёдараў зь Пінску, даслаў некалькі газэтных публікацыяў пра тое, што ў розных навучальных установах пачалі дзейнічаць адмысловыя камісіі, якія вызначаюць, хто са студэнтаў варты зьніжкі пры аплаце праезду, а хто — не. Невялікія кампэнсацыі прадугледжаныя толькі для самых малазабясьпечаных. Са сьнежня, як вядома, з ініцыятывы прэзыдэнта беларускія студэнты і навучэнцы былі пазбаўленыя права льготнага праезду ў грамадзкім транспарце. Сяргей Фёдараў з гэтай нагоды піша:

“Невялікая радасьць — тое, што некаторым студэнтам кампэнсуюць 10—20 тысяч рублёў за месяц на аплату праезду. А аплату за навучаньне ў гэты самы час падвысілі на 500 тысяч. Дзе ж лёгіка і справядлівасьць?”

— напісаў Сяргей Фёдараў зь Пінску.

У большасьці эўрапейскіх краінаў студэнцкая і навучэнцкая моладзь безь ніякіх адборачных камісіяў карыстаецца льготамі на праезд. Студэнты (усе без выключэньняў студэнты, а ня нейкая частка) зь вялікімі зьніжкамі купляюць квіткі на ўсе віды транспарту і падарожнічаюць па ўсёй Эўропе і па сьвеце. Цікава, што транспартныя кампаніі ня скардзяцца на страты, а наадварот — заахвочваюць моладзь да падарожжаў.

На заканчэньне — фрагмэнт ліста Віктара Баранава з Рагачова, які выказваецца наконт выцісканьня беларускай мовы з эфіру дзяржаўных радыё- і тэлеканалаў. Слухач піша:

Усё беларускае з эфіру зьнікае. На ўсіх каналах, можа, і набярэцца працэнты два вядучых, якія размаўляюць па-беларуску. Увогуле паўсюль пануе расейская і расейскамоўная “папса”. Атрымліваецца, не ў Беларусі жывем, а ў нейкім прахадным двары.

Я аднаго разу патэлефанаваў на канал “Культура” і спытаўся, ці задаволеныя яны тым, што робяць у эфіры. На што нейкая дзяўчына адказала, што не заўсёды задаволеныя.

Вядома, Лукашэнка прызначыў на пасады міністраў інфармацыі, культуры сваіх людзей, і яны робяць толькі тое, што ён ім загадае”, —

— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Віктар Баранаў з Рагачова.

Сёньняшняя моўная сытуацыя ў дзяржаўным эфіры непараўнальная нават з той, што была ў савецкай Беларусі. Хоць тады таксама на дзяржаўным узроўні ажыцьцяўлялася палітыка русыфікацыі, але і тэлебачаньне, і радыё было пераважна беларускамоўным. Прынамсі, навінныя і грамадзка-палітычныя перадачы вяліся, як правіла, па-беларуску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG