Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці адбудуцца зьмены ў аграрнай палітыцы?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 23-га красавіка. Удзельнікі: эканаміст Барыс Жаліба і аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Кастусь Скуратовіч.


22 красавіка ў паездцы на Гарадзеншчыну Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра пэўныя карэктывы ў разьвіцьці сельскай гаспадаркі. Чаму ўлады дасюль не скарацілі праграму будаўніцтва аграгарадкоў? Ці дадуць плён новыя захады кіраўніка дзяржавы ў сельскай гаспадарцы? Як ацаніць дзяржаўную аграрную палітыку ў зьвязку з сусьветным крызысам харчаваньня?

Чаму ўлады так упарта адстойвалі падтрымку сельскай гаспадаркі?

Валер Карбалевіч: “Пасьля абвяшчэньня Расеяй пераходу да рынкавых дачыненьняў зь Беларусьсю, павышэньня цэнаў на энэргарэсурсы беларускія ўлады мінулым годам зрабілі пэўныя зьмены ў эканамічнай палітыцы. Каб ашчаджаць бюджэтныя грошы, быў узяты курс на эканомію энэргарэсурсаў, нават была прынятая адпаведная дырэктыва. Ліквідаваная большасьць сацыяльных ільготаў. Абвешчана пра скарачэньне дзярждатацыяў прамысловым прадпрыемствам. Значна павялічыліся вонкавыя запазычанасьці.

Але вось галоўную і самую неэфэктыўную сфэру дзяржаўных субсыдый — сельскую гаспадарку — улады не чапалі. Марнатраўную праграму будаўніцтва аграгарадкоў не зьмянілі. Гэта была нейкая сьвятая карова. Чаму ўлады так моцна трымаліся за сельскую гаспадарку? У чым сэнс такой палітыкі?”

Барыс Жаліба: “Таму што нашая калгасна-саўгасная (хоць і пад новай назвай) аграрная сфэра безь дзярждатацыяў ня зможа існаваць. Таму яе і не чапаюць”.

Кастусь Скуратовіч: “Я адразу вынесу за дужкі палітычны аспэкт, то бок той чыньнік, што вёска заўсёды падтрымлівала Лукашэнку падчас розных электаральных кампаній, таму і ён імкнецца фінансава дапамагаць ёй.

Буду гаварыць пра эканамічныя чыньнікі. Наша сельская гаспадарка татальна абдзяржаўленая. Калгасы і саўгасы проста памянялі назву, сталі называцца каапэратывамі. Безь дзяржаўных датацыяў гэтыя каапэратывы стануць банкрутамі. Але ж нельга збанкруціць дзяржаўнае прадпрыемства.

Існуе некалькі формаў датаваньня сельскай гаспадаркі. І праз адмысловы фонд, і наўпрост зь бюджэту. Галоўным чынам субсыдыі ажыцьцяўляюцца праз закупачныя цэны, з дапамогай якіх сярэдняя гаспадарка забясьпечвае нейкі ўзровень рэнтабэльнасьці.

Каб у нас узровень вытворчасьці быў вялікі, то слабыя гаспадаркі можна было б ліквідаваць, прадуктаў для ўнутраных патрэбаў хапіла б. Але ўзровень вытворчасьці ў Беларусі не такі.

Праблему можна было б вырашыць, калі б былі свабодныя цэны на харчаваньне. І рынак бы паказаў, якія гаспадаркі эфэктыўныя, а якія не. Эфэктыўныя гаспадаркі пачалі б хутка разьвівацца і кампэнсавалі б прадукцыю, якую выпрацоўвалі б нерэнтабэльныя калгасы.

Але абсалютнай лібэралізацыі сельгасвытворчасьці няма нідзе ў сьвеце. Паўсюль дзяржава ўжывае рэгуляваньне. Але мэтады іншыя”.

Жаліба: “У нас на рубель капіталаўкладаньняў у сельскую гаспадарку прадукцыі выпрацоўваецца таксама на рубель. Таму калі мы скароцім датацыі, то прапарцыйна скароціцца і прадукцыя аграрнага сэктару. Урад гэта разумее, таму і не скарачае датацыяў”.

Датацыі будуць скарачацца

Карбалевіч: “Паездка Лукашэнкі на Гарадзеншчыну азначылася заявамі пра пэўныя зьмены ў аграрнай палітыцы. Зь ягоных словаў вынікае, што датацыі сельскай гаспадарцы будуць скарачацца. Дапамагаць будуць моцным гаспадаркам, да якіх далучаць слабыя, адбудзецца чарговае ўзбуйненьне аграрных каапэратываў. У выніку зьменшыцца колькасьць аграгарадкоў, якія трэба будаваць. Вось у Івейскім раёне іх колькасьць зьменшыцца амаль удвая. Акрамя таго, дадзена каманда зноў выкарыстоўваць закінутыя землі. Падаецца, што гэтыя зьмены ў асноўным разумныя. Як і ў краінах Захаду, трэба падтрымліваць эфэктыўныя гаспадаркі”.

Жаліба: “Гэта ня першая заява такога роду. І раней слабыя гаспадаркі далучалі да моцных, і паводле статыстыкі атрымоўвалася, што нерэнтабэльных калгасаў паменела.

Праграма будаўніцтва аграгарадкоў з самага пачатку сутыкнулася з пэўнымі праблемамі. Якасьць пабудаваных дамоў была невысокая, некаторыя людзі адмаўляліся там жыць. Можа, і таму было прынятае рашэньне аб узбуйненьні гаспадарак і скарачэньні іх колькасьці. А закінутыя землі трэба ўцягваць у гаспадарчы абарот, гэта правільна”.

Скуратовіч: “Няма дакладнай дэфініцыі, што такое “аграгарадок”. На маю думку, гэта былыя цэнтральныя сялібы калгасаў, якія было вырашана назваць гэтым словам. Там была пэўная сацыяльная інфраструктура, якую цяпер спрабуюць узмацніць. Раней калгасы ўтрымлівалі гэтую сацыяльную структуру. Цяпер яна перадаецца мясцовым органам кіраваньня. Шмат залежыць ад таго, ці ёсьць у райвыканкама сродкі, каб усё гэта ўтрымліваць. Калі аграгарадок ня можа зарабляць грошы на сваё існаваньне, то пра што казаць?

З 1990 году, калі паказьнікі сельскагаспадарчай вытворчасьці ў Беларусі былі самыя высокія, сельскае насельніцтва скарацілася на 830 тыс. чалавек, то бок на чвэрць. За мінулы год у сялянскіх гаспадарках колькасьць буйной рагатай жывёлы скарацілася на 16%. Гэта азначае, што такімі ж тэмпамі будзе скарачацца і сельскае насельніцтва. Таму будаўніцтва аграгарадкоў — абсалютна беспэрспэктыўны занятак. То бок улады прапануюць не сацыяльнае, а тэхналягічнае рашэньне праблем сельскай гаспадаркі.

На ўвядзеньне ў гаспадарчы абарот закінутых зямель таксама патрэбныя сродкі. Эфэктыўнасьць ад гэтага не павысіцца”.

Сусьветны крызіс харчаваньня і Беларусь

Карбалевіч: “Як ацаніць дзяржаўную аграрную палітыку ў зьвязку з сусьветным крызісам харчаваньня? Цэны на харчовыя прадукты ў сьвеце растуць, у выніку некаторыя краіны апынуліся ў цяжкім стане.

Лукашэнка кажа, што гэта пацьвярджае правільнасьць нашай палітыкі. Маўляў, мы моцна падтрымлівалі сельскую гаспадарку, таму і зараз гарантавалі харчовую бясьпеку. І цяпер, сьцьвярджае Лукашэнка, Беларусь можа шмат выйграць ад росту цэнаў на харчаваньне, прадаючы за мяжой сваю прадукцыю. І сапраўды, экспарт харчаваньня, найперш у Расею, расьце”.

Жаліба: “Наўпроставай сувязі я ня бачу. Калі б у нас сельская гаспадарка грунтавалася на прыватнай уласнасьці, то яна была б больш эфэктыўнай і магла б ажыцьцяўляць вялікі экспарт.

Але мы маем тое, што маем. Вядома, трэба карыстацца момантам, што вырасьлі сусьветныя цэны, і прадаваць у Расею тое, што можна. Але ў нас няма такіх вялікіх экспартных рэзэрваў, каб на гэтай глебе павышаць узровень жыцьця вяскоўцаў”.

Скуратовіч: “Сусьветны харчовы крызіс сам па сабе, а нашая сельская гаспадарка сама па сабе. Вытворчасьць мяса ў нас — 70 кіляграмаў на душу насельніцтва. Калі мы прадамо, напрыклад, 20 кг, то нам самім ня хопіць. Вось калі мінулым годам пачалі актыўна экспартаваць сухое малако, то перабоі з малочнымі прадуктамі ўзьніклі і ў Менску, і ў іншых гарадах.

Увогуле ў жывёлагадоўлі вытворчасьць складае 80% ад узроўню 1990 году. То бок яе экспартны патэнцыял ня надта вялікі. У расьлінаводзтве таксама мала што можна прадаваць. У асноўным жыта, цукар. А імпартаваць трэба пшаніцу цьвёрдых гатункаў, цэны на якую ў сьвеце хутка растуць, марскую рыбу, садавіну. Калі параўнаць аб’ём экспарту і імпарту сельгасвытворчасьці, то атрымоўваецца, што ад росту сусьветных цэнаў на харчаваньне выгады мы ня маем”.

Жаліба: “Натуральна, трэба клапаціцца найперш пра ўнутраны рынак. Там няма вялікага дастатку. Але экспартныя цэны вышэйшыя, чым цэны на ўнутраным рынку, і гэта падштурхоўвае вытворцаў да экспарту”.

Скуратовіч: “Заробкі ў сельскай гаспадарцы складаюць 40% ад сярэдніх па краіне. Вось і вынік росту экспарту і росту сусьветных цэнаў на харчаваньне. Увогуле заробкі ў краіне невысокія, таму, калі павысіць унутраныя цэны на харчаваньне, то за што мы будзем купляць усё гэтае хараство?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG