Сваю пазыцыю дэпутат з Маладэчна аргумэнтаваў так:
“За першы квартал 2008 году замест абяцанай эканоміі бюджэтных сродкаў, якія ўрад хацеў накіраваць дзецям, мы атрымалі павялічэньне выдаткаў на гэтыя мэты амаль у тры з паловай разы. Пацярпела ад гэтага і чыгунка”.
Аднак віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў выказаўся за тое, каб не сьпяшацца з высновамі:
“Працэс рэфармаваньня льготаў вельмі няпросты. Прайшоў толькі першы квартал. Трэба ўважліва паглядзець, чаму так атрымалася, што канкрэтна стала прычынай. Неабходны дадатковы аналіз, і толькі пасьля гэтага можна рабіць канчатковыя высновы”.
Падтрымаў Андрэя Кабякова і кіраўнік палаты Вадзім Папоў.
Закон “Аб дзяржаўных сацыяльных льготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў” пачаў дзейнічаць з 17 сьнежня 2007 году. Ён выклікаў шырокую нэгатыўную рэакцыю ў грамадзтве. У Палаце прадстаўнікоў законапраект ад імя распрацоўшчыкаў прадстаўляла намесьніца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч.