Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шчукін бараніў газэту да сардэчнага прыступу


Журналіст і праваабаронца вёз наклад газэты “Витебский курьер” са смаленскай друкарні. На выхадзе з аўтобусу яго сустрэлі міліцыянты і без тлумачэньня прычынаў пачалі адбіраць сумкі з газэтамі. Валер Шчукін адмовіўся падпарадкавацца, яму стала дрэнна з сэрцам, і “хуткая дапамога” забрала яго ў кардыялягічнае аддзяленьне Другога гарадзкога шпіталю.


Наклад газэты “Витебский курьер” трапіў у Кастрычніцкі РАУС. Сьледам прыехалі віцебскія праваабаронцы і журналісты. Супрацоўнікі міліцыі склалі пратакол паводле другой часткі артыкула 22.9 Кодэксу РБ аб адміністратыўных правапарушэньнях, які прадугледжвае пакараньне за “парушэньне вызначанага парадку рассыланьня абавязковых бясплатных паасобнікаў пэрыядычных друкаваных выданьняў, распаўсюд эратычных выданьняў, а таксама распаўсюд без выходных дадзеных”. Наклад газэты міліцыянты не аддалі, патлумачыўшы, што павінны вывучыць зьмест выданьня. Дарэчы, за час транспарціроўкі ў міліцэйскай машыне невядомым чынам зьніклі некалькі дзясяткаў паасобнікаў газэты, што высьветлілася, калі іх пералічвалі для пратаколу.

Гэты нумар “Витебского курьера” быў першым пасьля амаль што гадавога перапынку: газэта не выходзіла з той прычыны, што яе пазбавілі юрыдычнага адрасу. Калектыў рэдакцыі таксама перажыў унутраны канфлікт — акцыянэры ЗАТ “Выдавецкі дом “Витебский курьер” звольнілі галоўнага рэдактара Ўладзімера Базана, які 17 гадоў выпускаў незалежную газэту. Сьледам за ім сышлі некалькі тэхнічных супрацоўнікаў і большасьць карэспандэнтаў. Каб не пакінуць землякоў без апэратыўнай і аб’ектыўнай інфармацыі, Уладзімер Базан з калектывам паплечнікаў ужо 11 месяцаў выпускаюць інфармацыйны бюлетэнь “Курьер из Витебска”.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG