Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз.
Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
22 красавіка суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў сем актывістаў моладзевага руху абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў спэцкамэндатуру, дваіх штрафамі, а Андрэя Кіма — пазбаўленьнем волі на паўтара года. Маладых людзей абвінавацілі ў парушэньні грамадзкага парадку падчас акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня.
Сёньня мы атрымалі водгукі на прысуд у “справе 14-ці”:
Спадар Пратасэвіч, Ушачы: “Я вось пачуў сёньня, што многія зьдзіўленыя жорсткасьцю судоў на працэсе 14-ці. Але няўжо за 14 год дыктатуры ў людзей яшчэ хапае наіўнасьці верыць у лагоднасьць улады?! Наш “праваслаўны атэіст” часта кажа, што ён прыйшоў да ўлады з апазыцыі. Але прыйшоўшы да ўлады, ён ёй здрадзіў. І гэта ўсё тлумачыць, бо здраднік заўжды жорстка ставіцца да тых, каму здрадзіў”.
Спадар: “Цікавая сытуацыя складаецца ў нас з правасудзьдзем. Сёньня маладых людзей асудзілі на розныя тэрміны за тое, што яны нібыта перашкаджалі руху транспарту. Цікава было б паслухаць думкі кіроўцаў, якія стаяць у заторах, калі Лукашэнка са сваёй сьвітай праяжджае на працу і з працы. Два разы ў дзень, як мінімум. Кожны дзень”.
У працяг тэмы судоў і пакараньняў — такія тэлефанаваньні:
Спадар: “Спадары правіцелі і судзьдзі! За што вы судзіце і даяце пакараньне бязьвінным людзям, трымаеце ў зьняволеньні невінаватага Аляксандра Казуліна?! Падумайце, які грэх пажыцьцёва на сябе бераце!”
Спадар Іван Нелукашоў: “Лічу знакавай падзеяй разбурэньне турмы на Валадарцы. Гэта пасланьне Бога пра тое, што дыктатура таксама хутка лясьнецца, як карткавы дамок. З павагай”.
Рэгістрацыя руху “За свабоду” адкладзеная на месяц. Пра гэта сёньня на сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам паведаміў прадстаўнік Міністэрства юстыцыі. За месяц ініцыятары рэгістрацыі павінны выправіць хібы ў статутных дакумэнтах.
Валодзя, Берасьце: “Прывітаньне слухачам “Свабоды”! Я хачу з вашай дапамогай зьвярнуцца да спадара Мілінкевіча з пытаньнем. Скажыце, калі ласка, якая мэта вашых паездак у рэгіёны і, у прыватнасьці, у Гарадзенскую вобласьць, дзе вы нядаўна былі? Які з гэтага плён? Магу толькі вам паспачуваць: і машыну вам фарбай аблілі, і колы праткнулі. Але давайце зь іншага боку паглядзім: які ж вы агульнанацыянальны лідэр, калі вашы прыхільнікі ня могуць вас ад хуліганаў абараніць?! Вядома ж, што ўлады будуць чыніць усялякія перашкоды, мякка кажучы. Але ж трэба быць гатовымі да ўсяго. Мы ўчора зь сябрамі абмяркоўвалі гэтую сытуацыю і прыйшлі да такой высновы: навошта вам езьдзіць па рэгіёнах Беларусі і сваю слабасьць дэманстраваць? Едзьце лепш у Жэнэву ці Страсбур. На Ваша месца прыйдуць больш маладыя і больш здольныя людзі. А можа, мэта вашых паездак у тым і заключаецца, каб мэдыям хоць такім чынам пра сябе нагадаць? Дзякуй”.
Слухачу адказвае лідэр руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч:
“Мэта маіх паездак — вельмі простая. Я кажу: “Людзі, ня бойцеся. Я не баюся. Тысячы і тысячы людзей па краіне не баяцца. Падыміцеся з каленяў. Я думаю, што палітык, які ня езьдзіць па краіне і не сустракаецца зь людзьмі, ня мае шанцаў па посьпех. Таму езьдзіў і буду езьдзіць. Чаму мяне прыхільнікі не абараняюць? Калі цябе цэглай па галаве ўдараць ці стрэляць у цябе, ніякія прыхільнікі, ніякія ахоўнікі не дапамогуць. Я не баюся злачыннасьці ўлады. Наадварот, гэта дэманструе яе слабасьць. Якая карысьць? Людзі хочуць адчуваць плячо адно аднаго. Людзі ведаюць, што ёсьць альтэрнатыва ўладзе. Замінаю маладым? Няпраўда... Ёсьць побач, напрыклад, Павал Севярынец. Ніхто не замінае яму рабіць выдатную справу. І я запрашаю аўтара тэлефанаваньня: рабіце сваё, станавіцеся лідэрамі, ніхто нікому не перашкаджае”.