Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што расейскага бізнэсмэна трымалі ў менскай турме?


Сяргей Астроўскі (serni.livejournal.com)
Сяргей Астроўскі (serni.livejournal.com)

Пасьля канфлікту зь беларускім ДАІ расейскі бізнэсмэн Сяргей Астроўскі патрапіў у менскую турму і на сабе зьведаў, як судзяць беларускіх апазыцыянэраў у Цэнтральным судзе Менску.

Гэта гісторыя пачалася 13 красавіка, калі аўтамабіль з расейскімі нумарамі, на якім ехаў па Менску Сяргей Астроўскі зь сябрамі, затрымалі нібыта за перавышэньне хуткасьці супрацоўнікі сталічнага ДАІ. Сяргея запрасілі ў міліцэйскі аўтамабіль, каб скласьці пратакол. З парушэньнем расеец быў ня згодны. Паводле ягоных слоў, міліцыянты папярэдзілі, што правы яму давядзецца забіраць у Санкт-Пецярбургу, дзе ён прапісаны, і далі зразумець, што праблему можна вырашыць праз хабар. Спадар Астроўскі адмовіўся і заявіў, што пра гэтую прапанову зробіць запіс у пратаколе. Вось што расеец згадаў пра далейшае:

“Супрацоўнікі ДАІ сталі крычаць пра паклёп і што мяне пасадзяць, а потым міліцыянт, які сядзеў за мной, схапіў мяне за шыю, а другі, які быў зьлева, ударыў мяне ў сківіцу і ў скронь”.

Сяргей Астроўскі лічыць, што міліцыянты дзейнічалі адносна яго паводле адпрацаванага сцэнара. У прыватнасьці, калі спынілі на дарозе кіроўцу і папрасілі яго быць сьведкам нібыта нападу на іх у службовым аўтамабілі. За гэта спадару Астроўскаму пагражаў ужо крымінальны перасьлед, і яго адправілі спачатку ў пастарунак, а потым у турму на ўскрайку гораду. Умовы, у якіх бізнэсовец правёў ноч сярод бамжоў і злачынцаў, ён называе “жудаснымі”. На наступны дзень Сяргея Астроўскага прывезьлі ў Цэнтральны раённы суд да адміністрацыйнай судзьдзі Тацяны Паўлючук, вядомай жорсткімі прысудамі ўдзельнікам вулічных акцый пратэсту. Паводле Сяргея Астроўскага, на тое, у чым ён вінаваціў міліцыянтаў, судзьдзя ніяк не адрэагавала. “Давялося прызнаць сябе дробным хуліганам і заплаціць штраф, інакш далі б некалькі дзён арышту”, — прызнае Сяргей. Зьехаўшы зь Беларусі, ён усё ж ня думае пакідаць гэтую гісторыю.

“Тое, што са мной адбылося, гэта прававая сваволя. Калі гэта магчыма з грамадзянінам Расеі, якая лічыцца ў Беларусі краінай, якая паказвае напрамак разьвіцьця, то мне жахліва ўявіць, як абыходзяцца ў вас з вашымі грамадзянамі, якія жывуць тут і нічым не абароненыя”.

За дзень сваіх прыгод у Беларусі Сяргей Астроўскі страціў болей за 250 даляраў, сплачваючы розныя штрафы, а ягоны бізнэс — ён кіруе пасьпяховай кампутарнай фірмай — страціў суму шматкроць большую. Сяргей мае намер падаць у суд на міліцыянтаў, якія яго зьбілі, хоць і не выключае, што тыя пададуць сустрэчны пазоў. Пакуль што Сяргей Астроўскі зьвярнуўся ва ўправу ўнутранай бясьпекі менскай міліцыі.

Супрацоўнік управы Мікалай Атрашкевіч пацьвердзіў, што такая заява пададзеная, але выніку пакуль няма: “Заява яшчэ правяраецца”, — сказаў міліцыянт.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG