Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добруш: вясковая настаўніца-актывістка засталася бяз працы


Судзьдзя Добрускага раённага суду Вольга Сычова адхіліла пазоў настаўніцы Вуцеўскай сярэдняй школы, сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі Клаўдзіі Варанец да аддзелу адукацыі аб аднаўленьні на працы.


Вясковую настаўніцу, ліквідатара аварыі на Чарнобыльскай АЭС звольнілі з працы за прагул — у той час, калі яна знаходзілася на аздараўленьні за мяжой.

“Як настаўніца-перасяленка з “чарнобыльскай зоны” мушу сказаць, што раней заўсёды да мяне ставіліся добра, заўсёды я езьдзіла без праблемаў на аздараўленьне. Што здарылася сёлета, я дакладна ня ведаю. Думаю, што хутчэй за ўсё гэта зьвязана з маім мужам, зь яго грамадзкай дзейнасьцю”, - гаворыць Клаўдзія Варанец.

У судзе дырэктарка школы Ганна Станкевіч і прадстаўнікі аддзелу адукацыі — начальніца Тацяна Пінчукова й галоўны спэцыяліст Віктар Вайцянок — вінавацілі настаўніцу ў тым, што яна не дачакалася загаду на адпачынак.
І наагул нібыта ня мела дастатковых падставаў на яго ў вучэбны час, бо скарыстала ў студзені дадатковы “чарнобыльскі” водпуск.

Муж настаўніцы Адам Варанец, грамадзкі актывіст, да нядаўняга часу вясковы пэдагог, кажа:

“Відаць было з паводзінаў дырэктаркі школы і наймальніка — прадстаўнікоў раённага аддзелу адукацыі, што ім таксама гэты суд непрыемны. Іх нібыта прымусілі выконваць такую ролю. У нас былі нармальныя чалавечыя адносіны, а цяпер стала непрыгожа выходзіць з гэтага становішча. Я думаю, што ёсьць рэжысэры звальненьня й перасьледу нашай сям’і. Пэўна, ня хочуць, каб я займаўся грамадзкай дзейнасьцю, балятаваўся кандыдатам у дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў”.

Грамадзкі прадстаўнік Клаўдзіі Варанец у судзе ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, юрыст Леанід Судаленка лічыць, што дырэкцыя школы й аддзел адукацыі пры звальненьні настаўніцы парушылі ня толькі чарнобыльскі закон, але й нормы Працоўнага кодэксу і нават калектыўную дамову. Таму рашэньне судзьдзі Сычовай выглядае палітычна матываваным:

“Лічу рашэньне суду палітычна матываваным. Сям’я настаўнікаў Варанцоў — сябры Аб’яднанай грамадзянскай партыі, яны бяруць актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці гомельскага рэгіёну. Таму пэўныя структуры зацікаўленыя ў тым, каб стварыць праблемы для гэтай сям’і і ня даць спакойна працаваць”.

Вырак раённага суду Клаўдзія Варанец наважана абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG