Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Лянкевіч «Living with Art»


У Менску ў кавярні «СіціБар» адкрылася выстава фотакарэспандэнта «Нашай Нівы» Андрэя Лянкевіча «Living with Art».


Фотамастаку прапанавалі прасачыць лёс карцін аўстрыйскага мастака Аляксандра Вальтнэра і з дапамогай дакумэнтальнай фатаграфіі паказаць, як, з аднаго боку, карціны ўзьдзейнічаюць на калекцыянэраў, на ўладальнікаў твораў мастацтва, а з другога – распавесьці пра іх уладальнікаў і пра іх стаўленьне да карцінаў.

Андрэй Лянкевіч паспрабаваў адказаць на пытаньне: што атачае карціны, калі людзі займаюцца рознымі справамі? Такім чынам карціны аўстрыйскага мастака Аляксандра Уолтнэра пачалі новае жыцьцё ў новым асяродзьдзі...

“Здымаць проста карціны не зусім цікава. Калі вы бачыце каталёгі карцін нейкіх мастакоў – не, карціны і карціны... З аднаго боку, вы ня можаце прыгажосьць карціны ўбачыць, таму што ня тыя памеры, ня тыя колеры. Таму я вырашыў паказаць тое, дзе знаходзяцца карціны, паказаць людзей, якія як бы ўплываюць на карціны. Але на самой справе карціны ўплываюць на людзей, на тыя абставіны, у якіх яны жывуць. Самае галоўнае, што мяне не абмяжоўвалі ні ў чым, дазвалялі рабіць ўсё, што я хачу. Вось і атрымалася тое, што хацеў”.

Фотамастак зьмяшчае карціны ў сьвет людзей, некаторыя творы мастацтва ён здымае на фоне ўладальнікаў, некаторыя разьмяшчае у жывой прыродзе, і ў выніку атрымліваюцца зусім іншыя творы. Андрэй Лянкевіч кажа, што вельмі дапамог досьвед фотарэпартэра, дакумэнталіста. Але шмат сытуацыяў ён і мадэляваў. Андрэй Лянкевіч працягвае:

«У большасьці выпадкаў я прыдумляў сытуацыю, якая магла б існаваць. Некаторыя проста падгледзеў у рэчаіснасьці, бо кожны дзень здымаю саве журналісцкія працы, рэпартажныя. Былі некаторыя канфліктныя сытуацыі з калекцыянэрамі, некаторыя зь іх – людзі заможныя, і калі я прасіў перанесбці карціну, вынесьці, паставіць куды-небудзь, яны тэлефанавалі ў агенцыю і казалі, маўляў, «мы спэцыяльна гэту сьцяну пафарбавалі для карціны ў чырвоны колер, а ён вынес яе ў двор». Розныя былі моманты..».

Карэспандэнтка: «А пачуцьцё задаволенасьці ёсьць?»

«Ну канечне! Столькі людзей прыйшло. Я здымаю ў Беларусі не самае пазытыўнае, а тут атрымалася сапраўды пазытыўнае, цікавае».

Цікавай была рэакцыя і беларускіх гледачоў, якія ведаюць Андрэя ў асноўным як рэпартэра, дакумэнталіста. І пасьля нядаўніх падзеяў, калі Лянкевіча затрымалі ў Дзень Волі і моцна зьбілі, прыхільнікі ягонай творчасьці чакалі іншай выставы:

Сямён: «Якраз пасьля ўсіх гэтых падзеяў для Андрэя лягічна было б, каб гэта была выстава нейкіх палітычных акцыяў. Але ён не пайшоў па такім шляху, і першая выстава менавіта апалітычная і крыху незвычайная для нас. Тут ёсьць некалькі такіх незвычайных фотаздымкаў, што і праз год, калі будуць выставы, буду прыходзіць дзеля іх».

Паліна: «Усё вельмі спадабалася, усё вельмі міла. Тут надзвычай утульна. Клясна, што такія выставы ладзяцца і на іх можна так проста патрапіць».

Мікалай: «Даволі цікавая падача, усё так незвычайна – карціны на фоне свайго жыцьця, сваіх ўладальнікаў, такія нечаканыя сюжэты».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG