Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Такога нават у Паўночнай Карэі няма...”


Як гарадзенцы ставяцца да рэзалюцыі ПАРЭ пра злоўжываньні ў сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі?


Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы ўхваліла рэзалюцыю аб злоўжываньнях у сыстэме крымінальнага правасудзьдзя Беларусі. Адзін з пунктаў рэзалюцыі: адмяніць артыкул 193-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі, які прадугледжвае крымінальную адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Адначасна ПАРЭ заахвочвае Эўразьвяз і ЗША да ўвядзеньня новых санкцыяў у дачыненьні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека.
Артыкул у Крымінальным кодэксе дае падставу любога чалавека за што заўгодна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці

Спадар: “Я станоўча стаўлюся да гэтай рэзалюцыі, бо гэты артыкул у Крымінальным кодэксе дае падставу любога чалавека за што заўгодна прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці. Нават калі ты скажаш, што любіш бярозкі ці дубы”.

Спадар: “Я падтрымліваю гэты заклік да беларускіх уладаў. Можа, урэшце нашы ўлады дойдуць да разуменьня, што супраць Эўропы і ўсяго сьвету немагчыма ісьці. Інакш застанемся сядзець, як зараз кажуць, на крэсах, самі з сабою”.

Спадарыня: “Пра рэзалюцыю гэтую я нічога ня чула, але лічу, што па крымінальных артыкулах павінны судзіць за крымінальныя справы, а не нармальных людзей. А што да чыноўнікаў, то я ня ўпэўнена, што гэта будзе мець нейкі эфэкт”.

Спадар: “Я лічу, што нейкім чынам міжнародныя структуры павінны ціснуць на Лукашэнку, бо такіх арганізацый у нас шмат, некаторыя наагул страцілі рэгістрацыю. Праўда, ці падзейнічае гэта на нашых чыноўнікаў? Бо яны ўжо шмат гадоў не зьвяртаюць на такія рэчы ўвагі”.
Артыкул за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі — гэта абсурд

Спадар: “Рэзалюцыя, безумоўна, патрэбная, але наўрад ці яна цяпер будзе мець нейкі посьпех. Рэжым загнаў сябе ў такі кут, што ісьці на саступкі — сьмерці падобна. Думаю, што практычнай карысьці ад гэтага будзе няшмат”.

Дзяўчына: “У прынцыпе я згодная з такой рэзалюцыяй, бо ў нас у краіне ёсьць людзі, якія ня згодныя з нашай уладай, якія хацелі б нешта зьмяніць у дзяржаве, але дзеля шматлікіх прычынаў зрабіць гэта немагчыма. Да прыкладу, могуць засудзіць па крымінальным артыкуле”.

Спадар: “Сам артыкул за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі — гэта абсурд. Здаецца, такога нават у Паўночнай Карэі няма. У нашай Канстытуцыі прапісана, што кожны чалавек мае права на свабоднае волевыяўленьне, мае права быць сябрам розных арганізацый. Таму Беларусь — гэта апошняя краіна ў сьвеце, дзе такі артыкул дзейнічае. Яго трэба адмяняць, бо гэта на самой справе абсурд”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG