Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Езьдзіць па Кіеве ўтрая таньней, чым па Менску


У маскоўскім мэтро
У маскоўскім мэтро

Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці стварае спэцыяльную ініцыятыўную групу. Яна будзе зьбіраць подпісы за вяртаньне льготаў на праезд у грамадзкім транспарце пэнсіянэрам, студэнтам і школьнікам.

Аляксандар Бухвостаў сказаў нашаму радыё, што цяпер ідзе фармаваньне групы. Гэта зойме прыкладна месяц.

І хаця колькасьць групы параўнальна невялікая (200 асобаў), прафсаюзы не сьпяшаюцца. З абсалютна кожным кандыдатам правядуць індывідуальную размову. Як тлумачыць спадар Бухвостаў, каб не паўтарыць памылак, калі спрабавалі зьбіраць подпісы супраць кантрактнай сыстэмы. Тады пад ціскам уладаў некалькі чалавек паказалі, што іх, быццам, запісалі ў групу бязь іхняй згоды:
“Каб ніхто не адмовіўся. Той раз мы таксама адбіралі людзей. Але група была занадта вялікая (паўтысячы чалавек), і некалькі асобаў, калі пачаўся ціск, адмовіліся ад сваіх подпісаў.
Цяпер хочам, каб у групу ўвайшлі самыя надзейныя людзі. Мы папярэджваем кожнага: на вас будуць ціснуць, да вас будуць званіць, прыходзіць, вас будуць прымушаць... Але вы мусіце ўсё гэта разумець”.
Каб дасягнуць сваёй мэты прафсаюзным актывістам спатрэбіцца прайсьці праз некалькі выпрабаваньняў. Найперш – стварыць групу. Пасьля – зарэгістраваць яе ў Цэнтральнай выбарчай камісіі. Потым – сабраць ня менш за 50 тысячаў подпісаў грамадзянаў Беларусі. І ўжо пасьля гэтага перадаць прапановы па зьмяненьню заканадаўства ў Нацыянальны сход.
Але нават, калі ініцыятары вяртаньня льгот змогуць усё гэта зрабіць, наўрад ці іх падтрымаюць дэпутаты. Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў Вадзім Папоў ужо неаднойчы публічна казаў, што, на ягоную думку, трэба пачакаць і паглядзець, якія вынікі дае адмена ільготаў. Вось і ў чацьвер, 10-га красавіка, калі зайшла размова пра вяртаньне льгот інвалідам, спадар Папоў заявіў:
“Мы з вамі толькі што прынялі закон аб льготах, указ прэзыдэнта. Яшчэ чарніла не высахла, а мы ўжо пачынаем казаць: давайце ўсё вернем назад. На ўсё патрэбны грошы. А іх павінны зарабіць у сфэры матэрыяльнай вытворчасьці. І толькі потым іх можна падзяліць”.
Беларускія ўлады, калі адмянялі льготы, спасылаліся на тое, што ў бліжэйшых суседзяў усё значна даражэй. Ці сапраўды гэта так? Тэлефаную да знаёмай у Кіеў і пытаюся ў Натальлі, колькі каштуе адна паездка ў мэтро ў сталіцы Украіны:
“50 капеек. 1 даляр – 5,05 грыўны. А жэтон каштуе 50 капеек. Аўтобус, трамвай, тралейбус – кошты тыя ж самыя”.
Цяпер параўнаем. 50 капеек – гэта 10 цэнтаў. А кошт беларускага квітка 600 рублёў – гэта 28 цэнтаў. Амаль утрая даражэй! А калі перавесьці ўсё ў беларускія грошы, дык атрымаецца, што праезд у Кіеве каштуе 210 рублёў, а ў Менску – 600. Да гэтага можна дадаць, што сярэдні заробак у сакавіку сёлета ў беларускай сталіцы склаў 450 даляраў, ва ўкраінскай – 440.
Але ж ва Украіне пэнсіянэры, чарнобыльцы, студэнты, школьнікі маюць розныя льготы. Вось што кажа Натальля:
“Мой тата ў мэтро бясплатна праходзіць”.
У Маскве праезд у мэтро каштуе 19 расейскіх рублёў. А за 1 даляр тут даюць каля 24 рублёў. На беларускія грошы адна паездка цягне на 1700 рублёў. Аўтобус, трамвай, тралейбус – па 15 рублёў. Але ж і заробкі ў расейскай сталіцы непараўнальна большыя. У сакавіку сярэдні заробак тут перавысіў 1000 даляраў.
Кірыла – былы жыхар Менску, які гадоў сем таму перабраўся ў Маскву, гаворыць:
"Калі купляць квіткі на шмат паездак, усё намнога таньней. Акрамя таго, для пэнсіянэраў і студэнтаў у Маскве існуюць льготы. За цану пяці паездак на мэтро студэнт можа набыць месячны праязны."
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG