Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А. Піянткоўскі: "Посьпех Украіны – сьмерць пуцінізму і лукашызму”


Госьць "Начной Свабоды" – расейскі палітоляг Андрэй Піянткоўскі

Для нашага госьця мы паставілі кампазыцыю гурту "Нэйра-Дзюбэль" "Край". Уражаньні Піянткоўскага:

"Мне вельмі спадабалася. Нават ужо ў нас прызначаны цар-вызваліцель выступае з прамовамі, дзе асноўны дэвіз - "свабода - гэта лепей, чым несвабода".

Андрэй Піянткоўскі нарадзіўся ў 1940 годзе ў Маскве ў сям'і юрыста, члена-карэспандэнта Акадэміі навук СССР, члена Вярхоўнага Савету СССР Андрэя Піянткоўскага.

Карэспандэнт: "Як матэматык становіцца палітолягам?"

Піянткоўскі: "Вы ведаеце, тут у мяне былі два шляхі, якія прывялі да тых глупстваў, якімі я цяпер займаюся. Калі мы ў былым СССР перажывалі перабудову, дэмакратычны рух, я актыўна ўдзельнічаў у клюбе навукоўцаў Акадэміі навук, мы дапамагалі акадэміку Сахараву. І гэта ўлучыла мяне ў палітыку. Апрача гэтага, у 80-я я займаўся мадэляваньнем такіх рэчаў як стратэгічная стабільнасьць, ядзерны балянс. Гэта было ў рэчышчы адносін ЗША і СССР, таму я дастаткова добра, можа, нават лепш за тых, хто лічыць сябе прафэсіяналамі-палітыкамі, валодаю гэтай міжнароднай праблематыкай. З тых часоў я пішу на розныя палітычныя тэмы, зьвязаныя з унутранай і замежнай палітыкай".

Карэспандэнт: "Вы сказалі аб ядзерным балянсе - можа быць такі балянс?"

Піянткоўскі: "Балянсам называецца такая здольнасьць дзьвюх дзяржаваў - ЗША і СССР - узаемна зьнішчыць адна адну пры любым разьвіцьці падзей. Разумееце, калі адна краіна нападае на другую, якім бы цяжкім ні быў удар, дык усё адно ва ўдары ў адказ было б тое самае - другі бок зьнішчае нападніка. Узаемнае самагубства. Гэта гучыць жахліва, але ў гады халоднай вайны гэта нас і ўратавала. Ад узаемнага зьнішчэньня. Кожны бок разумеў, што ня можа перамагчы, але загіне. Гэтае разуменьне прыйшло да лідэраў дзьвюх дзяржаваў - Кенэдзі і Хрушчова – у часе Карыбскага крызысу ў 1962-м. Тады ЗША былі нашмат мацнейшымі за нас, у Кенэдзі была вялікая спакуса ўдарыць па тых ракетах, якія Хрушчоў паставіў на Кубе, але ён разумеў, што ва ўдары ў адказ Нью-Ёрк і Вашынгтон будуць зьнішчаныя.

Карэспандэнт: "Скажыце, Андрэй, хто выстаіць, хто вытрымае ў гэтай зноў халоднай вайне?"

Піянткоўскі: "Вы ведаеце... Халодная вайна зараз сьмешная. Я яе называю "пацёмкінскай". Я вам патлумачу - калі амэрыканцы разьмяшчаюць супрацьракетныя ўстаноўкі ў Польшчы і Чэхіі, яны абсалютна ня здольныя падарваць наш велізарны патэнцыял. Яны проста для таго, каб бараніцца ад Ірану. Вось Масква і стала пагражаць - мы накіруем ракеты туды, сюды. Тое, што стратэгі называюць "непрымальнай шкодай". На гэтым і трымаўся мір усе 40 гадоў вайны. Мы і сёньня ў такім стане... А я задаўся пытаньнем - дайце мне парамэтравыя заданьні той адной з ракет, якія зьбіраецеся скіраваць на Эўропу, якая будзе нацэленая на швэйцарскую штаб-кватэру фірмы Gunvor, якой валодае спадар Цімчанка, найбліжэйшы сябар спадара Пуціна, і праз якую праходзяць 60 працэнтаў расейскай нафты. Ці на яхту спадара Абрамовіча на Лазурным узьбярэжжы. І тысячы іншых аб'ектаў. Калі ва ўсёй нашай верхавіне ў заходніх банках мільярдныя рахункі, велізарная маёмасьць, дзеці ва ўнівэрсытэтах, жонкі і каханкі нараджаюць у заходніх клініках, пра якую халодную вайну можна казаць? Гэта так, для народу, для піпла, які хавае. Яму трэба патлумачыць, што Расея аточаная ворагамі..."

Карэспандэнт: "Калі казаць пра Расею і яе ўплыў на Беларусь - ці будзе распад Расейскай імпэрыі?"

Піянткоўскі: "А што казаць? Ён і адбыўся ў 1993 годзе. Праўда, расейская палітычная эліта, але я гэтае слова бяру ў двукосьсе - "эліта" - гэта яны любяць сябе так называць... Бываюць шчанюкі элітныя...У Расеі прыжылося такое ўяўленьне аб палітычнай эліце...
Халодная вайна зараз сьмешная. Я яе называю "пацёмкінскай"
Яны балюча гэта ўспрымаюць... Пуцін кажа, што самая вялікая палітычная катастрофа ХХ стагодзьдзя - гэта распад СССР. І вось адзін з самых бліскучых палітыкаў постсавецкай прасторы - ваш паважаны прэзыдэнт Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка - бліскуча гадоў 15 выкарыстоўвае палітычныя комплексы расейскай палітычнай эліты, якая марыць аб адваротным працэсе - аднаўленьні імпэрыі. Хаця б пачаўшы першым крокам - тое, што яны называюць аб'яднаньнем Беларусі і Расеі. Фактычна, аншлюс Беларусі.

Усе мы бачылі, як кожны год - пачынаючы з 1995-га, калі не памыляюся. Увесь час вясной, чамусьці - прыяжджаў у Маскву, падпісваў чарговую паперку пра канчатковую, беспаваротную, поўную інтэграцыю. Келіх разьбіваў у Крамлі з гарэлкай. Зьяжджаў зь вельмі добрымі эканамічнымі прэфэрэнцыямі, але ні на сэкунду ён ня думаў сур'ёзна, каб памяняць сваё становішча дыктатара, такой сярэдняга маштабу эўрапейскай дзяржавы. І варта сказаць, што такія вельмі дасьведчаныя людзі, цынікі, якім удавалася падманваць увесь сьвет і ўдаецца падманваць расейскі народ - яны злавіліся на гэта. Увесь час яны верылі і чакалі, калі ж Аляксандар Рыгоравіч пачне з намі аб'ядноўвацца.

І нават апошнія 2 гады, калі стала ясна, што ніякага аб'яднаньня ня будзе, Лукашэнка дарагі і блізкі Крамлю. А ён пачаў іншую "фенечку" эксплюатаваць - маўляў, бароніць Расею ад НАТО, які павінен накінуцца на Расею..."

Карэспандэнт: "Выглядае, што вам Лукашэнка падабаецца?"

Піянткоўскі: "Мне спадабалася, як ён 15 гадоў падманваў расейскіх правадыроў. Што да беларускай пэрспэктывы, дык... Зразумела, што гэта адыёзная фігура, усё, што нам вядома і з улікам зьнікненьня яго палітычных апанэнтаў - што, хутчэй за ўсё, - палітычныя забойствы. Хутчэй за ўсё, у будучых падручніках беларускай гісторыі яго назавуць бацькам беларускай незалежнасьці..."

Карэспандэнт: "Андрэй, а вы гатовыя вярнуцца да гэтай размовы гадоў так праз 10 -15?"

Піянткоўскі: "Так. Абяцаю. Калі ўжо ніякага Лукашэнкі ня будзе. А будуць узгадваць яго, відаць..."

Карэспандэнт: "У нас абмежаваны час праграмы, таму важныя пытаньні, датычныя Расеі... Уладзімір Пуцін - гэта палітык ці сыстэма?"

У рускіх і беларусаў ёсьць надзея – гэта Ўкраіна.
Піянткоўскі: "Вельмі добрае пытаньне... Гэта чалавек, які аказаўся сугучным рэваншысцкім настроям расейскай палітычнай эліты. Сыстэмы.. Якія фізычна былі людзьмі старой савецкай сыстэмы. Так. Менавіта такога чалавека, з такімі комплексамі і мэнтальнасьцю маёра КГБ і патрабавала расейская палітычная эліта. Для захаваньня сваёй улады".

Карэспандэнт: "Скажыце, у Расеі ёсьць апазыцыянэры? Ці гэта зьвялося да дысыдэнцтва?"

Піянткоўскі: "І гэта выдатнае пытаньне... Калі апазыцыянэру не даюць магчымасьці ўдзельнічаць у выбарах, прысутнічаць у СМІ, незалежна ад сваёй волі, ён становіцца дысыдэнтам. Гэта выбар улады - зрабіць з чалавека дысыдэнта".

Карэспандэнт: "Як бы Вы ахарактарызавалі гульню Захаду ў тое, што ён верыць Расеі?"

Піянткоўскі: "Ды Захад усё разумее... Тое, што трэба, ён ад Расеі атрымлівае, а тое, што там унутры... Гэта Захад не хвалюе. А вось рыторыка параўнаньня з трэцім рэйхам, пагрозы ракетамі - слухаць, канечне, непрыемна, але Захад - прагматык. Заходнікі разумеюць, што для ўнутранага скарыстаньня адно, для вонкавага - іншае.

Карэспандэнт: "І на заканчэньне гутаркі – вашае бачаньне пэрспэктывы ў Беларусі і Расеі"

Піянткоўскі: "Я часта думаю, як доўга будзе цягнуцца тое, што адбываецца ў вас, у нас, у Расеі, - мы палітычна ўжо не адрозьніваемся. Апазыцыянэры ўжо, як мы абмеркавалі, пераўтварыліся ў дысыдэнтаў. Выйграць выбары ўжо немагчыма. Рэвалюцыя зьверху малаверагодная, бо ўлада накрала такія вялізарныя сумы, што любое пашырэньне свабоды пагражае іх існаваньню. Я думаю, што ў рускіх і беларусаў ёсьць надзея – гэта Ўкраіна. Посьпех Украіны, дайце ёй два-тры гады разьвіцьця. Эўрапейскага. Посьпех Украіны – гэта сьмерць "кашчэя бесьсмяротнага" – "пуцінізма" і "лукашызма".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG