Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьмешна слухаць пра эстафетную галадоўку”


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 9 красавіка, сераду.

Рада Эўразьвязу яшчэ на адзін год падоўжыла візавыя санкцыі адносна некаторых чыноўнікаў Беларусі. У сьпісе — Аляксандар Лукашэнка і шэраг ягоных падначаленых, якія спрычыняліся да парушэньня правоў чалавека ў краіне. Камэнтар слухача:
Слухач, які супраць Расеі: “Не магу ня выказацца, да чаго дакацілася ўлада. Ёй працягнулі ізноў санкцыі, як кляймо. Няма і гонару. Але навошта ёй ехаць на Канары ці ў Карлавы Вары? За грошы добра адпачне і на Менскім моры, а “бацька” ў Вэнэсуэле, на “Боінгу” даляціць. На дазапраўку грошы ёсьць. Эх… А Казулін няхай глытае турэмны паёк”.
Шэраг палітычных актывістаў у Беларусі і за мяжой працягваюць эстафэтную галадоўку за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Выказваньне слухача:
Спадар: “Вось слухаю я пра галадоўку ў абарону Казуліна, і сьмешна слухаць. Усе ж ведаюць, што ніхто не галадае. Проста, як у старыя савецкія часы, спусьцілі зьверху дырэктыву і графік галадоўкі, і трэба пра гэта казаць. А задача Радыё Свабода — штодня аб’яўляць пра “сусьветную галадоўку”. Я вам скажу: Гебэльс проста адпачывае”.
Выказваньне камэнтуе адзін з удзельнікаў галадоўкі, былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч:
“Мне радасна чуць, што прыхільнікі Гебэльса ўсё ж чуюць і ведаюць, што ідзе абарона Аляксандра Казуліна ды іншых дэмакратычных актывістаў. Што тычыцца нейкіх дырэктыў, то гэта, вядома, плёткі. Людзі самі абіраюць такую форму супраціву. Бо калі прававыя аргумэнты ў краіне немагчыма давесьці да суду ці іншых праваахоўных органаў, то нам і мне, як былому адвакату, даводзіцца дэманстраваць усю ганебнасьць прававой сыстэмы менавіта такім шляхам. І мы дзякуем Радыё Свабода, што паведамляе пра гэтую мужную эстафэту. Бо толькі гэтак мы будзем мацаваць нашую салідарнасьць”.
“Шаноўная “Свабода”! Як удзельнік “Маладога Фронту” я хачу выказаць свае шчырыя спачуваньні Касі Салаўёвай. На жаль, па працоўных справах я ня змог прысутнічаць на судзе. Кася, трымайся! Мы пераможам!” — такое СМС-паведамленьне мы атрымалі з нагоды суду над актывісткай “Маладога Фронту” з Полацку Касяй Салаўёвай. Яе вінавацяць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Далей выказваньне пра становішча з правамі і свабодамі грамадзян у Беларусі.
Віктар Буто, Менск: “Пра незалежнасьць і свабоду па-беларуску. Улады зь іх прадстаўнікамі і падначаленымі ў Рэспубліцы Беларусь усё менш зьвяртаюць увагу на наяўныя канстытуцыйныя правы і свабоды грамадзянаў. Любыя правы забіраюць у любы дзень. Аднаўленьне правоў і рэабілітацыя незаконна асуджаных, пацярпелых не прадугледжаныя. Гэта, відаць, на сабе адчулі ахвяры сталінскага генацыду і рэпрэсій у часы гэтага ката і яго падначаленых. Дзякуй”.
Працягваем праграму яшчэ адным выказваньнем слухача:
Прафэсар Мікола Савіцкі: “Для роздуму, асабліва кіраўнікам, палітыкам, “адраджэнцам”. 8 красавіка, станцыя “Зялёнае”, адменена чарговая электрычка. Чакаем. Завязалася размова з групай моладзі, як выявілася — студэнты 3 курсу прыродазнаўчага факультэту Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя М. Танка. На адно з маіх пытаньняў: “25 сакавіка беларусы сьвяткавалі 90-годзьдзе якой гістарычнай падзеі?” — разгубленае маўчаньне. З шасьці (!) студэнтаў толькі адзін хлопец няўпэўнена сказаў: “Відаць, пачалася Першая сусьветная вайна”. І гэта пасьля зьвестак, якія прайшлі празь дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі”.

***

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.
Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.
Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG