Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пустэльніца зь Беларусі памерла ад галоднага посту?


У Пензенскай вобласьці праваабарончыя органы правяраюць інфармацыю пра сьмерць дзьвюх жанчын у пячоры, дзе хаваецца група пустэльнікаў.

«Пад зямлёй цяпер застаюцца 11 пустэльнікаў. Яны абяцалі падняцца на паверхню на Вялікдзень – 27 красавіка», – сказаў кіраўнік прэсавай службы абласной адміністрацыі Антон Шаронаў.

Пры дапамозе журналіста зь Пензы Яраслава Круглага “Свабода” атрымала сёньня заяву цяперашняга лідэра пустэльнікаў Віталя Недагона. Вось што ён кажа:

“Адзін чалавек у пячоры памёр ад раку. Гэта анкалягічна хворая Тамара з Благавешчанску. А другая — праз галодны пост. Яна — грамадзянка Беларусі”.

Вэрсію пра магчымую сьмерць беларускай жанчыны у сем’ях беларускіх пустэльнікаў цалкам не абвяргаюць. Галіна Сакалова з Жабінкаўскага раёну запэўнівае, што ў пячоры маглі застацца яе знаёмыя:

“Марыйка Ярашэвіч з Камянца і Лена зь Берасьця не маглі выйсьці. Вельмі яны набожныя. У іх вялікая сіла веры. Ім за гэта трэба ногі мыць і ваду піць”.

Не абвяргае суразмоўца і зьвесткі пра галодны пост. Спасылаецца нават на прыклад сястры Веры, якая не пасьпела трапіць да пустэльнікаў у пячору, але выконвае іхнія патрабаваньні:

“Мажліва, што яны проста ад змарненьня памерлі. У іх жа вітамінаў не было. А вось нашы, я назіраю, пасьля 10 дзён пачалі ўжываць розныя прадукты. Ядуць яны ўсё. Але менавіта вырашчанае ва ўласнай гаспадарцы — свойскае. У краме яны нічога не купляюць”.

Пра згаданую Марыю Ярашэвіч з Камянца пакуль не ўдалося нічога даведацца. Ня шмат паведаміў і жыхар Берасьця Валеры. Ягонае прозьвішча ён папрасіў не называць:

“У мяне там жонка. Але хто зь беларусаў памёр, ня ведаю.Тэлефаную штодня ў міліцыю райцэнтра Бекава, але ніхто са мной там не жадае размаўляць”.

Акрамя як на міліцыянтаў, крыўдуе спадар Валеры і на рэлігію:

“Гэтая рэлігія моцна ўплывае на мазгі чалавека. Якім чынам, я, вядома, ня ведаю. Але ня можа нармальны чалавек вось так проста кінуць усё”.

Лёс жонкі Валерыя застаецца на сёньня невядомым. Са словаў мужа, Сьвятлана далучылася да пустэльнікаў у Пензе яшчэ ў 2006 годзе.

У Менску міністар ў нутраных спраў Беларусі Ўладзімер Навумаў паведаміў журналістам, што «МУС Беларусі не валодае афіцыйна спраўджаным фактам гібелі беларускай пустэльніцы ў пячоры ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці».

У лістападзе 2007 году 35 чалавек, у тым ліку некалькі грамадзянаў Беларусі зь дзецьмі, зачыніліся ў загадзя абсталяваным падзямельлі ў Бекаўскім раёне Пензенскай вобласьці. Яны вырашылі заставацца там да траўня 2008 году, калі, на іх думку, павінен надысьці “канец сьвету”. 24 пустэльнікі, у тым ліку чацьвёра дзяцей, пакінулі пячору ў канцы сакавіка — на пачатку красавіка. Да сёньня яны жывуць дзьвюма групамі ў вёсцы Нікольскае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG