Паводле словаў юрыста Мінскага эпархіяльнага ўпраўленьня Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы Андрэя Алешкі, ўжо распрацаваная канцэпцыя вяшчаньня: “Размова ідзе аб пытаньнях сям'і і шлюбу, школьнага выхаваньня, дэмаграфічнай сытуацыі і аховы здароўя. А паколькі новы электронны сродак масавай інфармацыі будзе праваслаўным, то ўсе гэтыя праблемы будуць асьвятляцца з хрысціянскіх духоўна-маральных пазыцый”, – заявіў спадар Алешка. Ён дадаў, што цяпер вядзецца падрыхтоўка дакумэнтаў для рэгістрацыі радыёстанцыі.
Чаму праваслаўная царква вырашыла стварыць сваё радыё і якім яно павінна быць, распавядае прэсавы сакратар Беларускага экзархату айцец Аляксей Шынкевіч:
“Па-першае, у нас радыё ў асноўным забаўляльны характар носіць. І ў палітычным пляне, і ў тым, што тычыцца агульначалавечай маралі, ёсьць вялікія праблемы. Наша радыё ня будзе займацца ніякай палітыкай. Мы будзем гаварыць пра тое, што ў нашым народзе ёсьць і было: гэта вера, гэта сумленьне, гэта любоў да Бога, да царквы, да сваёй радзімы. Канечне, і духоўныя, выхаваўчыя, рэлігійныя, нацыянальныя праграмы будуць. У нас радыё будзе абавязкова гучаць на беларускай мове. Абавязкова! А інакш мы ня будзем адпавядаць назьве “праваслаўнае радыё”. Усё ж такі большасьць нашых слухачоў – праваслаўныя беларусы”.
Пра канкрэтныя праграмы, сетку вяшчаньня, частоты казаць яшчэ рана, лічыць айцец Аляксей. Дарэчы, першая адукацыя айца Аляксея Шынкевіча – менавіта журналісцкая. Дый досьвед арганізацыі СМІ ў яго ёсьць – 15 гадоў таму ён стварыў першую беларускую праваслаўную газэту “Царкоўнае слова” і доўгі час быў яе рэдактарам. А зараз самая вялікая праблема для радыё, якое ствараецца – менавіта кадры, лічыць айцец Аляксей:
“Ня так лёгка з нуля арганізаваць працу сродкаў масавай інфармацыі. Патрэбны людзі. Яны быццам бы ёсьць, адукаваныя са сьвецкага боку, прафэсіяналы, але яны ня ведаюць царкоўнай мовы. А царкоўная мова ж адрозьніваецца ад сьвецкай мовы. Чалавек павінен ведаць і лексыку, і наагул, зьмест духоўнага жыцьця. Так што гэта вельмі вялікая праблема – знайсьці адукаваных журналістаў, якія маглі б працаваць у царкоўных выданьнях. Нам вельмі прыемна, што шмат людзей, асабліва творчай інтэлігенцыі беларускамоўнай выказала жаданьне дапамагаць нашаму радыё. Усе яны спасылаюцца на тое, што немагчыма слухаць тое радыё, якое ёсьць”.
У Беларусі гэта будзе першы электронны рэлігійны СМІ. Хаця інтэрнэт-выданьні, друкаваныя мэдыі ёсьць у кожнай прадстаўнічай канфэсіі – і ў праваслаўных, і ў каталікоў, і ў мусульманаў.
У каталікоў ёсьць адмысловыя праграмы на Беларускім радыё, у вялікія сьвяты вядуцца наўпроставыя трансьляцыі набажэнстваў па радыё і тэлебачаньні з розных касьцёлаў Беларусі.
Рэдактар часопіса “Наша Вера” Хрысьціна Лялько распавядае пра друкаваныя СМІ, якія выдае каталіцкі касьцёл у Беларусі:
“Часопіс-квартальнік “Наша Вера”, месячнік “Авэ Марыя”, гарадзенская дыяцэзія выдае газэту “Слова жыцьця”, месячнік “Дыялёг” выдаюць вэрбісты ў Баранавічах. Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк выдае “Голас душы” – парафіяльную газэту. Для дзетак мы выдаем часопіс “Маленькі рыцар Беззаганнай”, квартальнічак.
Усе каталіцкія пэрыёдыкі, праграмы на радыё і тэлебачаньні выходзяць на беларускай мове.
Пра мусульманскія выданьні ў Беларусі распавядае дасьледчык ісламскай тэалёгіі Сяргей Богдан.
“Ёсьць сайт www.islam.by. Ён існуе ў розных мадальнасьцях. Ужо падрыхтаваная беларуская рэдакцыя, але яна яшчэ ня выстаўлена. Выдаецца часопіс “Байрам”, выйшла ўжо больш за 25 нумароў. Там шмат цікавых матэрыялаў па гісторыі ісламу ў Беларусі, наагул пра іслам. Бальшыня публікацыяў па-беларуску. Супольнасьцю выдаецца газэта “Жизнь”, ёсьць таксама выданьні, якія рыхтуюцца мясцовымі рэлігійнымі суполкамі – да прыкладу, у Слоніме выдаюць “Нур”.
Пра праваслаўныя праграмы і друкаваныя выданьні распавядае айцец Аляксей Шынкевіч:
“У нас ёсьць і на тэлебачаньні праграмы, напрыклад, “Благавест”, “Існасьць”, ёсьць адмысловыя праграмы і на радыё. Кожны эпархіяльны цэнтар мае свой друкаваны орган – “Эпархіяльныя ведамасьці”. Ёсьць студэнцкі праваслаўны часопіс для моладзі “Ступені”. Ёсьць часопіс “Праваслаўе”, які выдаецца Менскім Петрапаўлаўскім саборам. Ёсьць газэта “Царкоўнае слова”, якой споўнілася 15 гадоў”.
Бальшыня праваслаўных выданьняў, а таксама радыё- і тэлепраграм таксама выходзяць па-беларуску.