Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Каб тут быў разьвіты сэрвіс, то ўсе спыняліся б”


Прыдарожныя кавярні і рэстарацыі - аб'екты ўвагі і крытыкі людзей, якія ў дарозе маюць патрэбу пад'есьці. Прыдарожныя кавярні ў Беларусі - ці адпавядаюць яны патрэбам кліентаў?

Першая кавярня на трасе Горадня-Менск на заправачнай станцыі ў Скідалі. Працуе круглыя суткі.

Заходжу ўнутр. Сёньня тут нешматлюдна. Даволі утульна, паказвае тэлевізар, прылаўкі застаўленыя напоямі, харчамі. Знаёмлюся з мэню.

Гарачая піца – 1800 рублёў, бутэбролы з сырам – 1300, з каўбасой – 1500 рублёў, сем гатункаў кавы ад 900 рублёў да 1100, тры гатункі гарбаты – ва ўсіх кошт - 650 рублёў. Кіўбасы на прылаўку ад 15 да 30 тысяч.

Гаспадыня кажа, што кухні сваёй у іх няма, але на замову могуць зрабіць пюрэ, разагрэць суп з пакета, падагрэць кілбаскі, праўда.

Наведвальнікі набываюць піццу й сядаюць падсілкавацца. Жадаю ім смачна есьці. Паколькі хлопцы шмат езьдзяць па Беларусі пытаюся, ці ўдосталь кавярняў на трасе ад Горадні да Менска? І якое іхнае ўражаньне ад прыдарожнага сэрвісу ў Беларусі?

Першы спадар: “Ой, сэрвіс не разьвіты”.

Другі спадар: “Вось зараз я вам скажу: гэта раз, два, тры, чатыры, калі разам з тымі, што ёсьць на запраўках, то штук шэсьць усяго”.

Карэспандэнт: “А ці дорага каштуе пад’есьці ў такіх кавярнях?”

Спадар: “Вядома, нават размовы няма. Абед каштуе тысяч 8-9”.

Карэспандэнт: “А хоць смачныя абеды?”

Спадар: “Гатуюць то смачна, але цэны завысокія. Вось, калі ўзяць рабочую сталоўку, то там можна з’есьці й за 4 тысячы, а тут у два разы даражэй”.

Гаспадыня нахвальвае кавярню, кажа, што кошты ў іх самыя нізкія, практычна няма нацэнак. Нацэнкі, кажа, ёсьць толькі на гарэлку, мяса завозяць з суседняй сельгасгаспадаркі “Абухава”, яны ніколі не залежваюцца. Да ўсяго спадарыня дадае, што ў іх даволі бясьпечна.

Спадарыня: “І спакойна на запраўцы. У нас тут відэакамеры стаяць, можа гэта так узьдзейнічае на людзей. Бо людзі не баяцца спыняцца ні на фурах, ні тыя, хто купіў машыну за мяжой. Усіх задавальняе тое, што ў нас ціха й спакойна”.

Адзін з наведнікаў дапівае каву, зьбіраецца адыходзіць, бачу, што яго таксама зацікавіла наша размова.

Спадар: “Усё роўна задорага. Ёсьць розныя кавярні на трасе: у адных даражэй у іншых таньней. Канечне, хацелася, каб іх было больш, а то да Менска ўсяго 4 ці 5 толькі”.

А вось пад’ехалі вялікая фура. Кіроўца купляе ў кавярні толькі мінэральную ваду й цыгарэты. Пытаюся ў яго, якія ў яго ўражаньні ад прыдарожнага сэрвісу ў Беларусі.

Спадар: “Жахлівы, яго папросту няма. Вы паедзьце і паглядзіце ў Польшчу, якія там прыдарожныя кавярні. А тут нават душа няма, каб памыцца. От нейкія дзьве кавярні па дарозе й там нясмачна гатуюць”.

Карэспандэнт: “У такім выпадку – як вы харчуецеся, калі едзеце праз Беларусь?”

Спадар: “Дзякуй Богу, Беларусь невялікая краіна, восем гадзінаў і праехаў. Канечне, каб тут быў разьвіты сэрвіс, то ўсе спыняліся б, адпачывалі. Але пакуль – не. Прыдарожны сэрвіс – гэта сур’ёзнае пытаньне, вельмі сур’ёзнае”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG