Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атрымаць візу ў ЗША - праблема: хто вінаваты


Хто вінаваты ў пагаршэньні беларуска-амэрыканскіх стасункаў? Гэтыя пытаньні наша карэспандэнтка задавала ля будынку консульскага аддзела амэрыканскай амбасады.

Юнак: “Амэрыка вінавата. Таму што яны самі хочуць абвастраць адносіны з нашай краінай. Калі амэрыканцы высылаюць нашых дыпляматаў, наш прэзыдэнт робіць такі ж ход у адказ — высылае іх дыпляматаў”.

Спадар: “Магчыма, палітыка кіраўніка нашай краіны. У Беларусі добрых адносінаў з Амэрыкай ніколі і не было. Мае знаёмыя ня могуць да сваякоў зьезьдзіць. Я таксама хутка зьбіраюся ў ЗША — выйграў “грын-кард”, але ня ведаю, будуць праблемы ці не”.

Дзяўчына: “Ня маю ніякага ўяўленьня. Мы палітыкай не цікавімся, нам у Амэрыку ня трэба”.

Спадарыня: “Я ня ведаю, у чым прычына. Я думаю, тут нейкія палітычныя нюансы ёсьць. Але ўзьнікаюць праблемы для простых людзей”.

Карэспандэнтка: “Амаль месяц амэрыканская амбасада не выдае візы грамадзянам Беларусі. Як вы думаеце, у чым прычына пагаршэньня стасункаў?”

Спадар: “Прычына ва ўладзе нашай, беларускай”.

Спадар: “Гэта высокая палітыка. Кіраўнікі павінны аб’ектыўна разабрацца”.

Спадарыня: “Ня ведаю, не магу нават уявіць. А што рабіць — гэта пытаньне вышэй, а не да простага інжынэра”.

Дзядок: “Усе добра ведаюць, хто вінаваты. Адаслаў іх — і тут замінка”.

Карэспандэнт: “Хто каго адаслаў?”

Дзядок: “Наш самы галоўны. А цяпер думаць трэба, што рабіць”.

Бабуля: “Гэтае пытаньне закранула і маю сям’ю, дакладней, маю ўнучку. Я лічу, толькі амэрыканцы вінаватыя. Калі б былі нашы вінаватыя, яны ўжо нешта зрабілі б”.

Спадар: “Хто вінаваты? Гэта вялікая палітыка. Тут няма вінаватых. З аднаго боку, вінаватыя мы, штосьці зрабілі ня так. Амэрыканцы таксама ня маюць рацыі. Але мы ня “пуп зямлі”, таксама павінны ўлічваць інтарэсы іншых краінаў. З другога боку, вінаватыя яны, бо церпяць простыя грамадзяне. Вось у мяне ёсьць шмат знаёмых, якія жадаюць улетку прыехаць у Беларусь з Амэрыкі, але цяпер невядома, ці збудзецца гэта”.

Юнак: “Тут нельга шукаць крайняга. Я лічу, і мы, і амэрыканцы глядзім на гэты сьвет неяк аднапалярна”.

Спадар: “Мяне гэта таксама закранула. Амэрыканцы спрабуюць паўплываць на беларускую ўладу, але церпяць простыя грамадзяне. Але па-іншаму ніяк не атрымоўваецца. Тыя рахункі, якія арыштавалі, лукашэнкаўскія рахункі — гэта ж усё незаконныя грошы. А як па-іншаму паводзіць сябе? Таму яны правільна паступілі. Але, я думаю, Лукашэнка ніколі не разарве дыпляматычныя адносіны з Амэрыкай, як бы ён ні брыкаўся. На мой погляд, гэта звычайнае “бразганьне зброяй”, як гэта было ў савецкі час. Далей гэта ня пойдзе. Не такі ён ужо ненармальны”.

7 сакавіка, пасьля таго як на афіцыйным сайце Мінфіну ЗША было апублікавана тлумачэньне санкцыяў, уведзеных у лістападзе мінулага году ў дачыненьні да канцэрну “Белнафтахім”, з Вашынгтону для кансультацыяў быў адкліканы пасол Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў. 12 сакавіка на патрабаваньне беларускага боку Менск пакінула пасол ЗША Карэн Ст’юарт. Потым амэрыканскаму боку было рэкамэндавана скараціць колькасьць супрацоўнікаў дыпмісіі. У адказ амэрыканскае пасольства заявіла, што прыпыняе афармленьне візаў. 27 сакавіка Менск пакінулі яшчэ 17 амэрыканскіх дыпляматаў. З 1 красавіка Амбасада ЗША ў Менску меркавала аднавіць выдачу візаў беларускім грамадзянам, але напярэдадні, 31 сакавіка, часоваму паверанаму ў справах ЗША ў Беларусі Джонатану Муру была ўручана нота, у якой гаварылася, што Беларусь прыняла рашэньне аб дадатковым скарачэньні пэрсаналу свайго пасольства ў Вашынгтоне. МЗС Беларусі прапанавала амэрыканскаму боку скараціць пэрсанал пасольства ЗША ў Менску ў такой жа колькасьці і ў аналягічныя тэрміны. Зараз амбасада Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі зноў спыніла выдачу візаў беларускім грамадзянам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG