Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка: І.Рынкевіч перадае эстафэту іншым


Працягваецца эстафэтная галадоўка за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне рэпрэсій супроць апазыцыі і недзяржаўных мэдыяў. Да галадоўкі маюць далучыцца актывісты, якіх улады прыцягваюць да адказнасьці за акцыі пратэсту прадпрымальнікаў.

28 дзён таму ў Беларусі пачалася эстафэтная галадоўка за вызваленьне Аляксандра Казуліна і спыненьне рэпрэсій супроць апазыцыі. У галадоўцы ўжо ўзялі ўдзел некалькі дзясяткаў актывістаў. Сярод іх — былыя дэпутаты Сяргей Скрабец і Людміла Гразнова, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, журналіст Віталь Гарбузаў, актывістка Тацяна Ваніна. Гэтыя людзі спынілі галадоўку, але ім на зьмену заступілі іншыя актывісты. 21-шы дзень трымаецца бязь ежы былы міліцыянт Алег Алкаеў. Далучыўся да галадоўкі і яго сын Вячаслаў. Нагадаю, Алкаевы жывуць у Нямеччыне. На пытаньне, навошта яму патрэбны ўдзел у галадоўцы, Алег Алкаеў патлумачыў: “Толькі звышнамаганьнямі можна перамагчы, у тым ліку пераканаць людзей”. Алег Алкаеў распавёў пра аб’яднаньне рускамоўных літаратараў у Бэрліне, якое ён наведвае. Аўтар кнігі “Расстрельная команда” спрабуе данесьці да сваіх новых сяброў праўду пра Беларусь.

“Я страціў 22 кіляграмы і, гледзячы на сябе, бачу, што я ўжо іншы чалавек. У канцы тыдня, верагодна, будзе 25. І вось калі мае сябры-літаратары мяне такім пабачаць, то пераканаюцца, што гэта сур’ёзна. А да таго, колькі я зь імі ні гаварыў пра праблемы Беларусі, яны паспачуваюць, але сур’ёзна не ўспрымалі”.

12-ты дзень у Віцебску галадуе Павал Левінаў. Праваабаронца дамагаецца спыненьня рэпрэсій з боку міліцыі: падчас ператрусаў у віцебскіх журналістаў на Паўла Левінава, які пры гэтым прысутнічаў, завялі адміністрацыйную справу нібыта за лаянку. Праваабаронцу трымалі ў пастарунку, дзе ён пачаў сухую галадоўку. З суду актывіста забрала хуткая дапамога і адвезла ў шпіталь. Павал Левінаў кажа, што шмат людзей ведае пра галадоўку і шмат хто яго падтрымлівае.

“Мне звоняць людзі ня толькі зь Віцебску, а і зь іншых гарадоў Беларусі. Пытаюцца пра маё здароўе, пра гэтую справу”.

Былы адвакат Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч галадуе 11-ты дзень, але кажа, што заўтра галадоўку спыніць:

“Пачалося рэзкае пагаршэньне фізычнага стану, а між тым шмат спраў, якія я не магу пакінуць. У тым ліку трэба рыхтавацца да Чарнобыльскага шляху, я — адзін з заяўнікаў. Але ёсьць каму перадаць эстафэту. Такім чынам, акцыя не спыняецца. Мы па-ранейшаму дамагаемся вызваленьня Аляксандра Казуліна, спыненьня крымінальнага перасьледу дэмакратычных актывістаў апазыцыі і рэпрэсій супроць незалежных мэдый. Барацьба працягваецца”.

У Менску пра намер далучыцца да галадоўкі заявілі праваабаронца Алег Воўчак і актывіст Павал Вінаградаў. Нагадаю, Павал Вінаградаў уваходзіць у лік 14 удзельнікаў мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня, супроць якіх выставілі абвінавачаньне ў парушэньні грамадзкага парадку.

Летам 2006 году эстафэтную галадоўку праводзілі актывісты “Маладога фронту”. Яны патрабавалі спыніць перасьлед апазыцыйнай моладзі, вернікаў-хрысьціянаў, а таксама вызваліць палітвязьняў. Цягам 20 дзён то далучаліся да акцыі, то выходзілі зь яе маладыя людзі ў розных гарадах. Увосень 2006 адбывалася эстафэтная галадоўка ў падтрымку Аляксандра Казуліна. У тым жа годзе 23 дні праходзіла эстафэтная галадоўка ў абарону пратэстанцкай царквы “Новае жыцьцё”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG