Караткевіч: Алег, вы якія-небудзь беларускія словы памятаеце?
Казлоўскі: У мяне на жаль не было магчымасьці вывучаць беларускую, бо я прыяжджаў на вельмі кароткі час, альбо калі прыяжджаў надоўга, то сядзеў у камэры для замежнікаў, якія па-беларуску ня надта добра размаўляюць, але прынамсі чытаць я па-беларуску навучыўся.
Караткевіч: Вы цяпер у Бэрліне...
Казлоўскі: Так, я на канфэрэнцыі, якую арганізавала Нямецкае таварыства міжнароднай палітыкі, і тут амбяркоўваецца міжнародная палітыка ў цэлым сьвеце. Я тут прадстаўляю Расею і буду расказваць, якую палітыку Расея вяла ў апошнія 8 гадоў.
Караткевіч: Дарэчы, што вы думаеце наконт стаўленьня Расеі да магчымага ўступленьня Ўкраіны ў НАТО?
Казлоўскі: Стаўленьне афіцыйнай Масквы відавочнае – Расея лічыць НАТО вялікай пагрозай для сябе, адпаведна, уступленьне Ўкраіны і Грузіі ў НАТО таксама лічыць варожым жэстам. Хаця на маю думку Расеі цяпер хутчэй выгаднае пашырэньне НАТО, у тым ліку і ўключэньне Расеі ў гэты працэс, таму што ў нас супольная пагроза – гэта пагроза і тэрарызму, і краінаў-ізгояў, якія пагражаюць Расеі яшчэ ў большай ступені, таму што яны да нас тэрытарыяльна бліжэйшыя.
Караткевіч: Вы насамрэч лічыце, што Саюз правых сіл – гэта ляяльная да Крамля партыя?
Казлоўскі: Прынамсі, у той момант, калі я прымаў рашэньне аб выхадзе з СПС, гэта была абсалютна несамастойная, на жаль, партыя. Год таму СПС не наважваўся крытыкаваць расейскую ўладу паводле ніякіх прынцыповых пытаньняў і абмяжоўваўся толькі крытыкай асобных "перагібаў на месцах". На жаль, у той час дактрына была такая, якую дакладна сфармуляваў адзін з функцыянэраў СПС: “Вось у нас рэйтынг 3 адсоткі, а ў Пуціна 70. Калі будзе наадварот, мы пачнём яго крытыкаваць”. Няма дзіва, што з такой дактрынай іх рэйтынг працягваў падаць.
Караткевіч: Мы шмат расказваем пра арганізацыю “Оборона”, згадвалі пра напад на ваш офіс. Паралелі зь Беларусьсю відавочныя – ня так даўно ўлады напалі на офіс незалежных беларускіх журналістаў і СМІ. Раскажыце пра вашу арганізацыю і чаму да яе такая асаблівая ўвага ўладаў?
Казлоўскі: “Оборона” зьявілася хутка пасьля аранжавай рэвалюцыі ў Украіне, і на хвалі гэтай рэвалюцыі мы, тыя, хто ствараў “Оборону”, сказалі, што адна з нашых задачаў – падрыхтаваць расейскае грамадзтва да таго, каб яно магло бараніць свае правы і годнасьць у тым ліку і на вуліцы, ведала, як гэта рабіць, не баялася, і дамаглося б сваіх правоў менавіта такім чынам, бо на жаль усе іншыя шляхі ў Расеі папросту адсечаныя.
Таму, канечне, улада разглядае нас як вельмі небясьпечную арганізацыю, бо ні запалохаць, ні падкупіць нас не ўдаецца, як гэта звычайна атрымліваецца з рознымі іншымі партыямі, і адзін з апошніх эпізодаў – гэта міліцэйскі налёт на наш штаб, які здарыўся 22 сакавіка. За некалькі дзён да таго міліцыя папярэджвала нас, каб мы зьехалі, таму што, маўляў, ваш штаб у цэнтры горада, там можа і прэзыдэнт праехаць, і невядома, чым гэта скончыцца... Нам сказалі, што яны зробяць усё магчымае для таго, каб нас у гэтым штабе не было.
І насамрэч празь некалькі дзён зьявілася міліцыя, амон, МЧС (міністэрства надзвычайных сытуацый). Затрымалі 12-15 нашых актывістаў, прычым (таксама, відаць, знаёмая беларусам сытуацыя) бальшыню зь іх абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцыў грамадзкім месцы. Верагодна, грамадзкім месцам палічылі саму кватэру і пад'езд, дзе яны знаходзіліся, і незразумела, у чым палягала лаянка... Сярод затрыманых быў у тым ліку і я. У самім памяшканьні адбыўся вобшук, забралі ўсе друкаваныя матэрыялы, кампутар, дыскі і гэтак далей, і цяпер зьбіраюцца правяраць на наяўнасьць экстрэмісцкіх матэрыялаў, што ў Расеі цяпер вельмі "папулярна".
Караткевіч: Як бы вы маглі параўнаць сытуацыю з правамі чалавека ў Расеі і ў Беларусі?
Казлоўскі: На мой погляд, скіраванасьць абодвух рэжымаў аднолькавая, хаця ёсьць адрозьненьні, але ўвогуле я думаю, што становішча з правамі чалавека ў Расеі і ў Беларусі выраўніваецца. “Оборона” вельмі даўно, у момант яе ўзьніку, казала пра небясьпеку “лукашызацыі” Расеі, а цяпер гэты працэс фактычна завершаны.
Калі мы будзем меркаваць паводле колькасьці палітвязьняў, то цяпер у Расеі іх недзе 70-80 чалавек, і гэта больш чым у Беларусі, нават калі ўлічыць розьніцу ў колькасьці насельніцтва.
Гэтаксама можна бачыць, як расейскія ўлады рэагуюць на акцыі пратэсту – ня менш жорстка, чым беларускія. Але адрозьненьні ёсьць: расейскія ўлады вучацца і на беларускім досьведзе і дзейнічаюць як правіла танчэй, ня так груба і рэзка, але ў цэлым сытуацыя даволі падобная.
Караткевіч: Чаму ваша арганізацыя надае такую ўвагу справе Андрэя Кіма і што вы плянуеце рабіць у гэтым кірунку далей?
Казлоўскі: Мы заўжды выступалі ў падтрымку беларускіх палітвязьняў і патрабавалі іх вызваленьня – ужо некалькі гадоў мы 16 дня кожнага месяца праводзім акцыю салідарнасьці. Але Андрэй Кім для нас – асобны выпадак, таму што мы добра яго ведаем, я сам зь ім вельмі добра знаёмы. У гэтым сэнсе мне тым больш цяжка паверыць у тое, што тыя абвінавачаньні, якія яму прад’яўляюць – нібыта ён зьбіў міліцыянта, – хоць на чымсьці заснаваныя... Напрыклад, я быў яго ў гасьцях летась, калі прыяжджаў у Беларусь на “Эўрапейскі марш”, і тое, што такі чалавек за кратамі – гэта абурае, гэта неверагодная несправядлівасьць.
Караткевіч: Што б вы пажадалі тым маладым беларускім актывістам, якія слухалі нашу з вамі размову?
Казлоўскі: Я б пажадаў ім ніколі не губляць веры ў свае сілы і заўжды захоўваць пачуцьцё ўласнай годнасьці. Па-мойму, цяпер гэта галоўнае.
Алег Казлоўскі нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. Закончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, вывучаў вылічальную матэматыку і кібэрнэтыку. Па спэцыяльнасьці працаваў зусім мала; цяпер навучаецца ў магістратуры Дзяржаўнага ўнівэрсытэту "Вышэйшая школа эканомікі" (дзе, дарэчы, працягвае навучаньне адлічаны з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце за палітычную актыўнасьць Юрась Алейнік) на факультэце паліталёгіі.
Паводле Алега Казлоўскага, у палітыку ён прыйшоў яшчэ ў 15-гадовым узросьце. Ад пачатку браў удзел у праваабарончай арганізацыі "Міжнародная амністыя", быў прэсавым сакратаром маскоўскай групы гэтай арганізацыі.
У 2001 годзе стаў сябрам Саюзу правых сілаў. З 2005 году, ад зьяўленьня руху "Оборона", актыўна бярэ ў ім удзел і дагэтуль адзін зь яго каардынатараў. "Оборона" уваходзіць у апазыцыйную кааліцыю "Другая Расея”, якую ўзначальвае Гары Каспараў.
Алег Казлоўскі – сталы ўдзельнік апазыцыйных “Маршаў нязгодных”, неаднаразова затрымліваўся. Пасьля шасьці гадоў сяброўства ў СПС летась адтуль выйшаў на той падставе, што ня згодны зь вельмі ляяльнай у адносінах да Крамля палітыкай партыі.
23-гадовы Алег Казлоўскі неаднаразова выказваў салідарнасьць з беларускімі дэмакратамі. Браў актыўны ўдзел у акцыях пратэсту беларускай апазыцыі, а пасьля падзеяў сакавіка 2006 году на Кастрычніцкай плошчы адсядзеў 15 сутак у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на Акрэсьціна.