Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін ужо не спадзяецца вызваліцца датэрмінова


Аляксандра Казуліна ў калёніі наведаў адвакат Зьміцер Гарачка. Што стала вядома пра стан здароўя палітыка і якія пэрспэктывы ягонага датэрміновага вызваленьня?


Сустрэча адваката Зьмітра Гарачкі з Аляксандрам Казуліным доўжылася болей за гадзіну. Вось што палітык паведаміў пра свой стан здароўя:

“Сярэдне сябе адчувае, так і сказаў: “Сярэдне”.

У Аляксандра Казуліна шэраг хранічных захворваньняў, якія абвастрыліся пасьля 53-дзённай галадоўкі ў канцы 2006 году. Больш за паўгода пасьля галадоўкі Аляксандру Казуліну дазвалялі ў калёніі дыетычнае харчаваньне, але потым гэты прывілей скасавалі. “У турэмную сталоўку Аляксандар Казулін па-ранейшаму ня ходзіць, харчуецца тым, што яму дасылаюць сваякі”, — паведаміў адвакат Гарачка.

Зьміцер Гарачка пацьвердзіў зьвесткі пра тое, што ў калёніі ўзмацнілася інфармацыйная ізаляцыя ягонага падабароннага. Ранейшае актыўнае ліставаньне Казуліна з адрасатамі на волі амаль спынілася, кажа адвакат:

“Лісты даходзяць, але апошнім часам вельмі-вельмі рэдка. Зь вялікімі затрымкамі”.

Зьміцер Гарачка мяркуе, што Аляксандар Казулін на датэрміновае вызваленьне “ўжо не разьлічвае”. Паводле адваката, і адміністрацыя калёніі “наўрад ці будзе ставіць пытаньне пра такое вызваленьне”.

Нагадаю, Аляксандар Казулін быў апошнім у сьпісе шасьці палітвязьняў, якіх беларускія ўлады абяцалі вызваліць, каб палепшыць адносіны з ЗША. За некалькі месяцаў пяць чалавек з гэтага сьпісу выйшлі на волю, апошнім — у сярэдзіне лютага — Зьміцер Дашкевіч. У канцы лютага, калі Аляксандра Казуліна на тры дні адпусьцілі на пахаваньне жонкі Ірыны, шмат хто не выключаў, што неўзабаве будзе прынятае рашэньне пра датэрміновае вызваленьне і Аляксандра Казуліна. Аднак дагэтуль, ужо болей за два гады, экс-кандыдат на прэзыдэнта знаходзіцца ў калёніі. Урад ЗША і кіраўніцтва Эўразьвязу працягваюць патрабаваць, каб беларускія ўлады вызвалілі спадара Казуліна, а таксама спынілі рэпрэсіі супроць іншых апазыцыянэраў.

У самой Беларусі і за яе межамі некалькі беларускіх апазыцыянэраў працягваюць эстафэтную галадоўку з такімі ж патрабаваньнямі. Былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч, які таксама галадае ўжо восьмы дзень, распавёў Радыё Свабода:

“Я працягваю галадоўку, Алкаевы ў Нямеччыне галадуюць. Алег Алкаеў страціў 20 кіляграмаў, ягоны сын Вячаслаў — 10. З улікам таго, што ў Ізраілі галадуе Раман Рыўкін, усяго зараз бяруць удзел у галадоўцы 8 чалавек”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG