Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 3 красавіка


Агляд беларускага сеціва.


На сайце “Хартыі'97” камэнтуюцца выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ўступленьне Ўкраіны і Грузіі ў НАТО – пытаньне часу. Сёньня Лукашэнка правёў нараду аб баявой падрыхтоўцы Ўзброеных сілаў Беларусі. “Нам трэба думаць аб умацаваньні нашых межаў, нашых Узброеных сілаў. Узброеныя сілы павінны быць у сталай баявой гатовасьці, адчуваць пульс краіны, і ня толькі краіны”, – заявіў Лукашэнка.

Камэнтары:

“Зноў танкі мрояцца Лукашэнку. Так хочацца яму паваяваць, некага “абараніць”. Нагадвае мне Хусэйна. Таксама трос аўтаматам, пагражаў усім, зь вінтоўкі страляў у паветра”.

“Кожная армія павінна быць дзеяздольнай, іначай яна не патрэбная. Іншая рэч, што ў гэтым канкрэтным выпадку Беларусі як сувэрэннай дзяржаве (ня блытаць дзяржаву з асобай прэзыдэнта: яму ёсьць каго і чаго баяцца), пагражаюць ня НАТО ці мітычныя тэрарысты, а яе ўласная ўлада, якая вядзе краіну да эканамічнага краху і паэтапнай страты незалежнасьці, у першую чаргу на карысьць Расеі”.

“Галоўнае, каб “Лінія Сталіна” не падкачала”.

“Быў на вучэньнях “Shit союза”, дык, блін, абняць і плакаць. Тэхніка выпуску канца 1960-х – пачатку 1970-х. Да палігону некаторых цягнуць на буксіры давялося. Казармы – ціхі жах... Дый што тут казаць, калі вайскоўцаў у нас 40 тысяч, а мянтоў за 200 тысяч перавальвае. Так што гэтыя страшылкі толькі для ляхтарату, а НАТО даўно ведае, што мясцовая армія – ня больш чым народнае апалчэньне часоў Напалеона”.

“А калі сур'ёзна, дык пяціразовая перавага МУС супраць МА ў жывой сіле (роўна як і ў абсталяваньні) выдатна гаворыць пра тое, які цяперашняй уладзе вораг больш небясьпечны – унутраны ці вонкавы. Рабіце высновы”.


У форумах парталу tut.by абмяркоўваецца навіна пра тое, што Камітэт дзяржаўнага кантролю мае намер сур’ёзна заняцца айчыннымі супэрмаркетамі: “Па-першае, цяперашні мэханізм кантролю за выручкай дазваляе гандлёвым прадпрыемствам беспакарана скарачаць яе аб’ём; па-другое, вялікія гандлёвыя пункты нахабна ігнаруюць патрабаваньні па мінімізацыі імпартных тавараў пры наяўнасьці айчынных аналягаў”.

Камэнтары:

“Безумоўна, сьпярша трэба было задушыць шапікі і індывідуальных прадпрымальнікаў, каб адкрыць шлях супэр- і гіпэрмаркетам. А потым душыць самі супэрмаркеты”.

“Некаторыя айчынныя тавары нашмат лепшыя за імпартныя, і кошт цярпімы (гэта, як правіла, хадавыя прадукты харчаваньня). Але ўсё ж 90% беларускіх тавараў павінны зьберагацца не на складзе, а на сьметніку”.

“Што вы як малыя дзеці насамрэч? Каго прасьцей кантраляваць: адзін гіпэрмаркет ці сто індывідуальных прадпрымальнікаў? Каму прасьцей навязаць, што яму прадаваць? Адсюль і дзеўкі танчаць”.

“Ды што тут думаць, абавязаць усіх платаздольных грамадзянаў купляць толькі беларускія тавары, праводзіць рэйдавыя праверкі з зазіраньнем у халадзільнік, сачыць, каб беларускіх тавараў было як мінімум 80%. У выпадку адкрытага парушэньня канфіскаваць халадзільнік (калі імпартны тым больш)”.


На толькі што створаным сайце “Даведнікі пісьменьніка, гісторыка, энцыкляпэдыста Леаніда Маракова” аўтар у прадмове піша:

“Вы зайшлі на адзіны ў сьвеце сайт, дзе разьмешчаны біяграфіі нашых продкаў – пакутнікаў, расcтраляных або закатаваных у турмах НКУС, і тых нямногіх, што пакалечанымі вырваліся зь ленінска-сталінскіх канцлягераў. Гэта больш за 4000 настаўнікаў, 3000 каталіцкіх і праваслаўных сьвятароў, 1500 мэдыцынскіх і вэтэрынарных работнікаў, больш за 1000 літаратараў і навукоўцаў, многія тысячы іншых дзеячаў культуры, грамадзтва, прамысловасьці Беларусі”.

Сайт “Народных навінаў з усіх куткоў” паведамляе пра міні-апытаньне, якое правёў у чарзе ў пэнсіянэр-шахтар, які здаваў у Салігорску шклатару. “Ён стаяў з авоськай з бутэлькамі і ўспрымаўся чаргой як свой. Так што шчырасьць адказаў можна лічыць максымальнай. На пытаньне, ці патрэбная беларусам “саюзная дзяржава з Расеяй”, прымальніца посуду выразна адказала: “Не”. Патлумачыла: цяпер самі на сябе зарабіць ня можам, а тады давядзецца працаваць і на іх. Першы з чаргі таксама мармытнуў “не”. Наступныя чатыры чалавекі дружна падтрымалі гэтую думку. Прычым мужчына сярэдніх гадоў, апошні ў чарзе, пракамэнтаваў: “Унукам дзядоў, расстраляных саюзьнікамі з Расеі, няма чаго ўступаць у такія саюзы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG