Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пік дачнай актыўнасьці


Апошнімі днямі, як толькі ўсталявалася цёплае надвор’е, дачнікі пачалі наведваць свае лецішчы. Людзі з саджанцамі дрэваў на вакзалах і на плятформах прыгарадных электрычак, цяпер звычайная зьява. Каля аўтамабільных трасаў на імправізаваных рынках гандляры прапануюць саджанцы розных расьлінаў. Але не заўсёды на лецішчы вырасьце менавіта тое, за што калісь плацілі грошы.


Каля аўтамабільных трасаў гандляры прапануюць саджанцы пладовых дрэваў, кустоў і нават экзатычных расьлінаў. Кветкі для модных цяпер альпійскіх горак, неад’емнай часткі ляндшафтнага дызайну, карыстаюцца асаблівым попытам. І каштуюць яны не танна. Напрыклад, крокусы можна набыць ад 500 да 5 тысяч рублёў за цыбулінку. Лілеі каштуюць ад 4 да 8 тысяч рублёў. Самыя дарагія расьліны – тыя, што саджаюць вакол вадаёмаў і ў басэйнах. Самая танная вадзяная лілея каштуе 50 000 рублёў.

Саджанец, напрыклад, яблыні мусіць быць 85-90 см даўжыні з добра разьвітай каранёвай сыстэмай
Гандляры амаль заўсёды кажуць, што саджанцы вельмі добрыя і ўраджай будзе ўжо на наступны год. Але навукоўцы з інстытуту пладаводзтва папярэджваюць, што пакупнікі рызыкуюць набыць зусім ня тое, за што плацілі грошы.

Супрацоўнік аддзелу яблынь і грушаў Сяргей Лелес дае парады дачнікам:

“Саджанцы лепш набываць у нас у інстытуце, бо вам будзе гарантавана, што тое, што было на этыкетцы, у вас і вырасьце. Саджанец, напрыклад, яблыні мусіць быць 85-90 см даўжыні з добра разьвітай каранёвай сыстэмай.”

На мінулы тыдзень прыпаў пік набыцьця саджанцаў. Гаворыць супрацоўніца аддзела збыту Галіна Несьцяровіч:

“У нас засталася толькі яблыня позьніх зімовых тэрмінаў высьпяваньня. І выбару амаль што няма. Зь ягадных культур у нас парэчка чорная. Няма ні акцінідзій, ні жымаласьці, ні рабіны садовай”.

Зь ягадных культур у нас парэчка чорная. Няма ні акцінідзій, ні жымаласьці, ні рабіны садовай
Навукоўцы папярэджваюць, што саджанцы з Малдовы, ці з Каўказу нашу зіму ня вытрываюць. Апроч таго, беларускім заканадаўствам прадугледжаная адказнасьць за распаўсюджваньне саджанцаў, якія ня ўключаныя ў рэестар і ня маюць пэрспэктывы. І прыватныя асобы і арганізацыі за гэта могуць быць пакараныя штрафамі.

Загадчык аддзелу маркетынгу Аляксандр Шудлоўскі паведаміў, што саджанцы, якія прадае інстытут, штогод даражэюць не больш як на 8%. Дрэва каштуе 6 700, а куст – 4 800 рублёў. Тым часам гандляры на вуліцы за такія саджанцы папросяць амаль у два разы даражэй.

Калі яшчэ 10 гадоў таму ў вёсках і на лецішчах можна было заўважыць на участках звычайныя яблыні, вішні, сьлівы, парэчкі, агрэст, то цяпер значна большае месца сталі займаць кветкі і экзатычныя расьліны. Захапленьне альпійскімі горкамі прывяло да таго, што камяні, якія звычайна выносілі за плот, цяпер вяртаюцца ў сады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG