Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 2 красавіка


Агляд беларускага сеціва.


На форумах парталу TUT.by камэнтуюць навіну: Беларусь прапануе Злучаным Штатам пакінуць у краіне 7 дыпляматаў. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Зачыняць увогуле амбасаду гэтую трэба. Няма чаго ім тут рабіць. Якая праца дыпляматаў, калі зь дзяржавай ніякіх перамоваў, а толькі ўказваюць? Няма дыялёгу – няма амбасады. Усё. У гэтым Бацьку нашага я падтрымліваю”.

“Трэба пачаць з адкліканьня беларускіх дыпляматаў з краінаў, зь якімі, на вашую думку, не вядуцца перамовы. Няхай пад Менскам на сельгаспрадпрыемствах адпрацоўваюць”.

“Ну добра, зраўнялі па пэрсанале амбасады ў Менску й Вашынгтоне. А як лічыць пэрсанал консульстваў у Нью-Ёрку й Сан-Францыска? Для парытэту трэба тады адчыніць консульствы ў Горадні й Маладэчне. Парытэт дык парытэт!”

На сайце “Хартыі-97” можна прачытаць камэнтары да навіны пра тое, што ўрад Беларусі мяркуе зрабіць больш жорсткімі ўмовы для выезду студэнтаў за мяжу – для працы і навучаньня. Некалькі цытатаў:

“Кіруючыся сваёй хібнай лёгікай, уладзе варта было б паступіць з дакладнасьцю да наадварот, а менавіта паспрыяць ад’езду ўсіх ахвочых. Аднак перавагу аддаюць спробе мацней завінціць кацёл, які закіпае. Мацней рване. А можа вырашылі, што 5-7 тысячаў на вуліцах – малавата будзе?”

“Страх страціць здаровых падаткаплатнікаў. Каб не давялося мур будаваць, кшталту бэрлінскага, і аддаваць памежнікам каманду страляць на паражэньне. Людзі заўсёды ўцякаюць адтуль, дзе кепска. З Кубы – на плытах, з Карэі – плывучы цераз раку і гэтак далей. Таму, спадарства таварышы з Магілёву і вобласьці, – адны вы застанецеся. Сам-насам з тымі, каго пазбавілі льготаў. Страшна нават падумаць пра ваш фінал”.

“Цяпер ідзе барацьба за моладзь. Але мэтады ва ўлады, як заўсёды, забарончыя і карныя. Не пускаць – самае простае выйсьце ў іхным разуменьні. Хочаце выклікаць у моладзі велічэзную нянавісьць і злосьць? Тады наперад...”

У суполцы Жывога Журналу by_politics абмяркоўваюць іншую праблему: ці не трапляюць усе, каго затрымліваюць у часе акцыяў апазыцыі, пад артыкулы Крымінальнага кодэксу пра гвалт ці пагрозу на адрас супрацоўніка міліцыі? Затрыманыя часта ўпіраюцца, штурхаюць амапаўцаў і такім чынам аказваюць супраціў, разважаюць чальцы суполкі. Ці можна толькі за гэта патрапіць пад дадатковыя санкцыі? Вось адно зь меркаваньняў:

“Калі праца на замежныя мэдыі ёсьць падставаў для ператрусу ў вашай кватэры, а выдача чэка без указаньня рэшты ёсьць падставай для штрафу ў 300 даляраў, нічому не зьдзіўлюся. Наконт чэка сытуацыя такая – пакупка 200 рублёў, вы даяце 500 рублёў, атрымліваеце рэшту 300 рублёў, а ў чэку – проста 200 рублёў, а ня кошт, атрыманая сума, рэшта. Гісторыя рэальная”.

Намесьніца галоўнага рэдактара “Советской Белоруссии” Ганна Шчадрына ў сваім сеткавым дзёньніку пытаецца: “А што грамадзка-карыснага было зроблена ў нас на “дэмакратычныя” грошы?” Мэту, зь якой яна задае гэтае пытаньне, спадарыня Шчадрына тлумачыць так: “Дастала апазыцыйная шушара ў фрэнд-стужцы, вось хачу пацікавіцца, чым яны, апроч грантапаяданьня, займаюцца, каб з такім аплёмбам выстаўляцца. Дзе справы?”

Пытаньне выклікала рэакцыю блогераў:

“Скажам там – калі я зьбіраў грошы для дзяцей у Бараўлянах, многія з тых, хто здавалі грошы, былі са значкамі зь незарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку сымболікай... А пра тых, хто гэтай, гэтак званай “шушарай” кіруе, я ня ведаю, магчыма таксама бяруць удзел, але афішаваць такія ахвяраваньні стане далёка ня кожны”.

“Абарона абаронцаў дэмакратыі ад дзяржавы. Арганізацыя хоць нейкіх, але альтэрнатыўных мэдыяў. Акцыі абароны гістарычных помнікаў, у тым ліку архітэктурных (напрыклад, гістарычнага цэнтру Горадні). Дапамога пацярпелым ад бязладзьдзя чыноўнікаў ці асабіста прэзыдэнта шляхам агалоскі падзеяў, юрыдычная і прававая дапамога”.

«Я прыкладна магу апавесьці, як павінна быць... Па-першае, людзі павінны не атрымліваць грошы ад дзяржавы, а іх зарабляць... І не павінна потым шаноўная Натальля Пяткевіч мне тлумачыць з экрана тэлевізара, што я атрымліваю ад дзяржавы «ў сто разоў» болей дабротаў, чым выплачваю... Па-другое, дайце магчымасьць студэнтам выбіраць, у якой арганізацыі быць і куды плаціць свае складкі. Ня трэба пагалоўнага запісваньня ў БРСМ... Па-трэцяе, губэрнатар Гомельскай вобласьці павінен мець магчымасьць выступіць на зьезьдзе БНФ і яму за гэта нічога не павінна быць... Па-чацьвёртае, уладальнік фабрыкаў, заводаў, вёсак і параходаў павінен мець легальную магчымасьць фінансаваць любую партыю, якая яму лепей спадабаецца... Ну і па-пятае, плякатаў «За Беларусь» не павінна існаваць... Вось у прынцыпе з гэтага можна пачаць. А потым размаўляць пра «дэмакратычныя» грошы».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG