“МЗС Беларусі з заклапочанасьцю ўспрыняў інфармацыю аб тым, што дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы ў нашай краіне пачалі прыём дакумэнтаў для афармленьня "карт паляка", – пра гэта ў інтэрвію БЕЛТА заявіў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Папоў.
Паводле яго, "адпаведны польскі закон насуперак міжнароднаму праву і практыцы быў прыняты без папярэдніх кансультацый з урадам Беларусі".
Афіцыйны прадстаўнік МЗС падкрэсьліў, што беларускі бок прапанаваў увесьці мараторый на дзейнасьць закону да атрыманьня заключэньня міжнародных экспэртаў, у прыватнасьці – Вэнецыянскай камісіі Рады Эўропы. Спадар Папоў паведаміў, што адбыліся два раўнды беларуска-польскіх кансультацый па гэтай праблеме, якія, аднак, не далі плёну.
“У сытуацыі, якая склалася, не застаецца іншага выбару, акрамя як зарэзэрваваць за сабой права на прыняцьце адпаведных мер”, – заявіў прэсавы сакратар беларускага МЗС. Ён дадаў, што "магчымасьці для канструктыўнага ўрэгуляваньня сытуацыі пакуль яшчэ застаюцца”.
Закон аб “карце паляка” ўступіў у дзеяньне 31 сакавіка. У гэты ж дзень дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы ў Беларусі пачалі выдачу анкет грамадзянам Беларусі на атрыманьне гэтага дакумэнту.