Першыя згадкі пра дзень у гонар бога сьмеху адносяцца да старажытнага Рыму. У 1564 годзе у Францыі кароль Карл ІХ выдаў загад, паводле якога сьвяткаваньне Новага году пераносілася зь 1 красавіка на 1 студзеня. Некаторыя людзі працягвалі адзначаць Новы год 1 красавіка. Над імі жартавалі, падносячы пустыя падарункі.
Паводле іншай вэрсіі, сьвята сьмеху зарадзілася ў старажытнай Індыі. Там 31 сакавіка адзначалі сьвята жартаў.
У Дзень сьмеху вядомыя ў Беларусі людзі ўзгадваюць, якімі жартамі яны адзначалі 1 красавіка ў розныя гады.
1 красавіка 1993 году на хвалях “Беларускай маладзёжнай” Алена Радкевіч распачала адлік часу перад важным урадавым паведамленьнем. У гэты ж момант кіраўніцтва радыё рыхтавала загад на адхіленьне ад эфіраў галоўнага рэдактара Жанны Літвіной і вядучай Алены Радкевіч. Той выпадак узгадвае вядучы праграмы “Сёмая пятніца” Анатоль Вечар:
“Гэта быў эфір Алены Радкевіч, пасьля якога яна была адхіленая ад эфіру разам з Жаннай Літвіной. Сытуацыя якая? Праграма была разьбітая на тры часткі. Першыя дзьве шлі па другім канале, а першая – чамусьці па першым. І на другім канале аб'явілі: “Празь некалі хвілінаў чакаецца важнае ўрадавае паведамленьне...” А ў трэцяй частцы – што вы ад нас чакаеце, сёньня ж 1 красавіка? Але, наколькі я памятаю, гэта супала з тым, што ўсе сапраўды чакалі якойсьці заявы ад Кебіча. Гэта першае.
І другое, казалі, што нават спыніліся некаторыя канвэеры, у прыватнасьці, вэлязаводу, бо людзі чакалі “важнага паведамленьня”. Але там быў цэлы “камплект” жартаў: у Алены, прынамсі, было “паведамленьне пра «скіфскія курганы пад Маладэчнам”. Ёй тэлефанавалі: маўляў, стаім з рыдлёўкамі на вакзале, скажыце, куды ехаць раскопваць скіфскія курганы. Была такая гісторыя”.
Я.Крыжаноўскі: “Каб стаў прэзыдэнтам, абвясьціў бы вайну”
Заснавальнік тэатру гумару “Хрыстафор”, сатырык Яўген Крыжаноўскі кажа, што найвялікшы жарт у ягоным жыцьці ня быў прымеркаваны адмыслова да Дня сьмеху, але мог мець, як кажа артыст, “найвялікшыя наступствы” для ўсёй краіны. У 2001 годзе спадар Крыжаноўскі абвясьціў пра намер стаць прэзыдэнтам:
“У мяне спачатку гэта была гульня, потым стала сур'ёзна, а нарэшце – зноў гульня. Таму што я зразумеў, калі сутыкнуўся з адваротным бокам палітыкі, што кожны павінен займацца сваёй справай.
Калі б я стаў палітыкам, калі б, ня дай Божа, дайшоў да прэзыдэнцтва, я б натварыў столькі справаў, што потым многія пакаленьні беларусаў расхлёбвалі б гэтую кашу і праклялі б Крыжаноўскага да шостага калена. Таму я рады, што нічога не атрымалася, бо я вельмі эмацыйны чалавек, запальчывы. Я абвясьціў бы вайну пяці-шасьці краінам адразу”.
Карэспандэнт: “Вайну з мэтай капітуляцыі?”
“Можна капітуляваць, а можна і ваяваць да апошняга салдата. То бок, павінны быць у палітыцы людзі разумныя. Я як Жырыноўскі нарабіў бы справаў, а потым бы сабе локці кусаў”.
Практычна ўсе ведаюць, што спартоўцы вераць ў розныя забабоны. Але, як кажа шматразовая рэкардсмэнка сьвету і Эўропы ў лёгкай атлетыцы Марыя Іткіна, спартоўцам таксама ўласьціва жартаваць на 1 красавіка:
“Многія спартоўцы ў нас з гумарам, таму адзначаюць гэты дзень увагай, а часам могуць адпусьціць такі жарт, што чалавек можа нават разгубіцца. Але ўвогуле сам па сабе гэты дзень добры. Усьмешак, сьмеху, пацісканьня адзін аднаму рукі, павагі да сваіх сяброў – вось так, лічу, гэты дзень лепш за ўсё праводзіць. Я ўвогуле чалавек, які любіць гумар. І да гумару стаўлюся зь вялікай павагай. Нават калі былі якіясьці жарты на мяжы фолу, то я ўсё роўна стараюся ня крыўдзіцца”.
Ю.Данькоў: “Залішнія эмоцыі – прыкмета бясьсільля”
А вось надзвычай эмацыйны ў жыцьці бізнэсовец Юры Данькоў, уладальнік аднайменнай сеткі казыно “Dankoff”, жартуе акуратна:
“Я, шчыра кажучы, чалавек вельмі стрыманы ў гэтым сэнсе. Магу штосьці эмацыйна выказаць, але ў цэлым – не, у гэтай справе я акуратны. Але першакрасавіцкія жарты – гэта нармалёвая зьява, тут ніякай размовы няма. Адзінае, хто і як іх успрымае. Бо ў той жа час трэба разумець: для кожнага жарту існуюць свае межы і ёсьць сваё месца. Бо можна так пажартаваць, што потым непатрэбныя пытаньні ўзьнікнуць.
Разумееце, эмоцыі – гэта нашае бясьсільле, гэта ўжо навукова абгрунтаваны факт. Таму што калі чалавек сыходзіць на эмоцыі ў адрас канкрэтнага чалавека, то гэта паказвае: ён сам чагосьці ня здолеў дасягнуць, дамагчыся, ці з чымсьці ён ня згодны”.