Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Беларусі зноў патрабуе скарачэньня штату амбасады ЗША



Як вынікае з інфармацыі МЗС Беларусі, гэтым разам афіцыйны Менск пайшоў на самастойнае скарачэньне штату сваёй амбасады ў Вашынгтоне — з тым, каб і Злучаныя Штаты адпаведна скарацілі колькасьць супрацоўнікаў у сваёй амбасадзе ў Менску.

Як заявілі сёньня Джонатану Муру ў МЗС Беларусі, гэта робіцца “у сувязі зь неаднаразовай адмовай амэрыканскага боку скасаваць дадатковыя абмежавальныя захады эканамічнага характару ў адносінах да канцэрну “Белнафтахім” і з-за пасьлядоўнай лініі адміністрацыі ЗША на згортваньне кантактаў зь беларускім бокам”.

Колькі цяпер амэрыканскіх дыпляматаў беларускі бок патрабуе скараціць і ў якія тэрміны — у МЗС пакуль ня кажуць. У пасольстве ЗША таксама пакуль не камэнтуюць сытуацыю. З 1 красавіка амбасада ЗША павінна была аднавіць выдачу візаў, спыненую з-за ранейшага ціску і скарачэньняў. Як адаб’ецца на гэтых плянах новая хваля ціску з МЗС Беларусі, пакуль невядома.

27 сакавіка амэрыканскі бок ужо скараціў колькасьць сваіх дыпляматаў у Менску да 17 чалавек — як патрабаваў Менск, спасылаючыся на Венскую канвэнцыю аб дыпляматычных адносінах, якая нібыта прадугледжвае парытэт у колькасным складзе штату пасольстваў у Менску і Вашынгтоне.

Джонатан Мур тады заявіў прадстаўнікам беларускага МЗС, што Злучаныя Штаты лічаць патрабаваньні скараціць штат амбасады ў Менску “неабгрунтаванымі і непасьлядоўнымі ў рамках дыпляматычнай практыкі”. Пры гэтым ЗША зноў заявілі, што “безумоўнае вызваленьне ўсіх палітычных вязьняў дасьць магчымасьць пачаць пошук шляхоў паляпшэньня двухбаковых дачыненьняў”.

Гэтым разам амэрыканскі бок, можа, і не саступіць беларускаму, а пойдзе на прынцып, мяркуе менскі палітоляг Віталь Сіліцкі:

“Амэрыканцы спрабавалі да апошняга залатвіць гэтую справу, але ім паказалі, што залатвіць яе ня ўдасца. Амэрыканцы некалькі разоў за месяц пайшлі на саступкі. Больш, я думаю, яны ня пойдуць. У гэты канфлікт зараз можа ўмяшацца Эўрапейскі зьвяз, бо ён сваёй заявай даў зразумець, што яны салідарызуюцца з Амэрыкай, і гэтая дыпляматычная вайна можа пашырыцца”.

Дыпляматычны канфлікт паміж Беларусьсю і ЗША ўзьнік пасьля таго, як ЗША ўвялі абмежавальныя захады датычна дзяржаўнага канцэрну “Белнафтахім”. Амбасадара Беларусі ў ЗША Міхаіла Хвастова адклікалі “для кансультацыяў”. Адначасна беларускія ўлады настойліва рэкамэндавалі паслу ЗША Карэн Ст’юарт таксама пакінуць Беларусь з аналягічнай мэтай, і 12 сакавіка яна выехала зь Беларусі.

Прадстаўнік ЗША ў АБСЭ Кайл Скот заявіў пазьней, што санкцыі адносна “Белнафтахіму” накіраваныя ня супраць беларускага народу, а толькі супраць тых, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

“На самой справе мы спрабуем дапамагчы народу Беларусі скарыстаць ягоныя асноўныя свабоды. Мы зноў заклікаем улады Беларусі вызваліць Аляксандра Казуліна і тым самым паспрыяць дыялёгу аб паляпшэньні дачыненьняў”, — заявіў тады, у прыватнасьці, прадстаўнік ЗША ў АБСЭ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG