Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тацяна Кім: “Спадзяюся, што Андрэя адпусьцяць”


Анонс падзеяў тыдня.


31-га сакавіка
ў Менску пройдзе першае паседжаньне арганізацыйнага камітэту па правядзеньню “Чарнобыльскага шляху”. Кіраўнік аргкамітэту Аляксандар Мілінкевіч тлумачыць нашаму радыё, чаму ён пагадзіўся ачоліць гэтую працу:

Па-першае, бо добра ведаю праблемы Чарнобыльскай зоны. Я не аднойчы там бываў. Прыкладам, двое сутак таму знаходзіўся ў Жыткавічах, Мазыры ды іншых месцах Гомельскай вобласьці. Па-другое, нядаўна быў у Горках. А там антыядзерная ініцыятыва сабрала паўтары тысячы подпісаў супраць будаўніцтва ў Беларусі АЭС. Я думаю, гэтыя дзьве тэмы павінны быць галоўнымі”.

У панядзелак лідэры Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі перададуць у Цэнтарвыбаркам свае прапановы па зьмяненьню практыкі ўжываньня выбарчага кодэксу. Віктар Карняенка -- кіраўнік экспэртнай групы, якая падрыхтавала гэтыя зьмяненьні, гаворыць, што дзейны Выбарчы кодэкс сам па сабе даволі дэмакратычны. Але калі справа даходзіць да яго непасрэднага ўжываньня, тут і ўзьнікае мноства праблемаў. Зьняць іх можна, пры жаданьні ўладаў, праз пастановы і інструкцыі ЦВК, упэўнены экспэрт:

“Каб заканадаўства давала ня толькі правы, што тэарэтычна было і ў Канстытуцыі СССР, але яшчэ і мінімальныя гарантыі. Нашы прапановы даюць магчымасьць далучыцца прадстаўнікам дэмакратычных партыяў да фармаваньня выбарчых інструмэнтаў”.

1-га красавіка
ў Цэнтральным раённым судзе Менска пачнецца працэс над актывістам Андрэем Кімам. Яго ўжо болей за два месяца трымаюць за кратамі. Калі суд прызнае актывіста вінаватым ва ўжываньні гвалту падчас мітынгу прадпрымальнікаў альбо ў стварэньні такой пагрозы, яго могуць пакараць двума гадамі зьняволеньня. Але Андрэй Кім сябе вінаватым не прызнае. “Нікога не зьбіваў, не спыняў транспарт, не заклікаў да гвалту”, -- казаў Андрэй на сьледзтве.

Маці актывіста Тацяна Кім спадзяецца на справядлівы суд:

Я вельмі спадзяюся, што Андрэя адпусьцяць. Ён не вінаваты. Канешне, ўлады не будуць перад ім выбачацца, як ён напісаў, не дзеля таго арыштоўвалі. Але вельмі спадзяюся, што выпусьцяць”.

2-га красавіка пачынаецца апошняя сэсія Палаты прадстаўнікоў з цяперашнім складам дэпутатаў. У палітычных кулюарах можна пачуць, што абнаўленьне закране да 70% дзейнага дэпутацкага корпусу, таму многія дэпутаты, быццам, ня будуць удзельнічаць у новых выбарах. На пытаньне, ці зьбіраецеся Вы зноў балятавацца ў Палату, дэпутат Мікалай Дубовік, чыя выбарчая акруга ахоплівае Стаўбцоўскі, Узьдзенскі і частку Валожынскага раёну, і які стала працуе ў Палаце ад пачатку яе ўтварэньня, адказвае:

“Цяпер я скажу нават не сваімі словамі, а сваёй жонкі: “Дубовік, ты мусіш сумленна адпрацаваць да апошняга дня свайго скліканьня. А далей – калі твае дэпутаты цябе абяруць, значыць, ты будзеш і надалей дэпутатам. А калі не – пойдзеш на іншую працу. Твой досьвед заўжды будзе патрэбны”.

3-га красавіка адбудзецца суд над віцебскім праваабаронцам Паўлам Левінавым. Левінава ўжо спрабавалі асудзіць. Але тады дактары хуткай дапамогі, выкліканыя ў суд, зафіксавалі ў Паўла падвышаны ціск і засьведчылі, што гэта можа быць падставай для перанясеньня працэсу. Перад пачаткам працэсу Левінаў зьвярнуўся з хадайніцтвам пра перанясеньне пасяджэньня з прычыны дрэннага адчуваньня. Аднак судзьдзя Алена Жук адмовілася задаволіць хадайніцтва. У выніку, у суд і былі выкліканы мэдыкі.

Ад 5-га красавіка ў шэрагу навучальных установаў Беларусі пачынаюцца прафэсыйна-псыхалягічныя сумоўі:

Гэтае сумоўе абавязковае для будучых спэцыялістаў, да якіх паводле міністэрства адукацыі, выстаўляюцца асобыя патрабаваньні. Адмысловая камісія вырашыць рэкамэндаваць ці не кандыдата для паступленьня на спэцыяльнасьці “дзяржаўнае кіраваньне”, “дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка”, “міжнародныя адносіны”, “міжнароднае права”, “правазнаўства”, “журналістыка” й іншыя.

Былы прарэктар БДУ Анатоль Паўлаў:

Людзям, якія рыхтуюць такія дакумэнты і падпісваюць іх, я параіў бы паглядзець Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. А там выразна напісана, што ў Рэспубліцы Беларусь кожны грамадзянін на конкурснай аснове мае права атрымаць бясплатную адукацыю. Вось ідзі, пакажы свае веды. А ўсё астатняе – гэта грубае і беспардоннае парушэньне заканадаўства”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG