Каля 30 чалавек утварылі ланцуг на плошчы ўздоўж праспэкту Незалежнасьці, трымаючы ў руках партрэты палітвязьня Аляксандра Казуліна, прадпрымальніка Віктара Калея і моладзевага актывіста Андрэя Кіма. Акцыя працягвалася прыкладна 20 хвілінаў. Некаторыя мінакі, якіх было многа ў гэты час на плошчы, падыходзілі да пікетоўцаў.
Міліцыянты прыгналі ў двор Палацу рэспублікі тры аўтазакі, сачылі за пікетоўцамі і вялі апэратыўныя відэаздымкі. Аднак удзельнікаў акцыі не чапалі.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў:
“Я думаю, толькі салідарнасьцю мы можам змагацца з гэтым рэжымам, зь яго брутальным стаўленьнем да сваіх грамадзянаў. Вось гэта ёсьць наша псыхалягічная перамога: мы адваявалі пляц. Можна было на ўсё спадзявацца. Я гляджу, што большасьць людзей прыйшлі так, як і я – у “акрэсьцінскай” вопратцы. Але прыйшлі, сталі, гледзячы ў камэры. Я думаю, так і трэба рабіць. Калі мы хочам, каб былі перамены ў Беларусі, трэба гэта рабіць. Калі мы ня будзем салідарнымі з журналістамі, з тымі, хто сёньня ў турме, тады будзе канец. Калі ніводзін чалавек не прыйдзе на пляц, лічыце, што ў Беларусі супраціў скончыўся”.
Лідэр моладзевай арганізацыі АГП “Маладыя дэмакраты” Аляксандар Шумкевіч сказаў:
“Я трымаў партрэт Віктара Калея, які зараз знаходзіцца ў турме. Ён незаконна асуджаны на 15 сутак. І ў знак салідарнасьці зь ім і зь іншымі палітзьняволенымі мы выйшлі на плошчу. Я задаволены, што ўсё прайшло мірна, нас не адсоўвалі з плошчы і мы змаглі тут стаяць колькі хацелі, - гэта добры вынік. Ня ўсе хто хацеў прыйсьці, пераадолеў страх”.
Я трымаў партрэт Віктара Калея, які зараз знаходзіцца ў турме
“Вясеньняе абвастрэньне прайшло і калі ня ўсе, то частка людзей наверсе вымушаны былі задумацца. Яны разбурылі тое, што, фактычна, зь вялікімі цяжкасьцямі стваралі апошні, як мінімум, год. Я маю на ўвазе, найперш, замежжа. 25-е і 27-е перакрэсьлілі вось гэтыя намаганьні, тое, што было зроблена. І таму, відаць, пачаўся аналіз больш спакойны”.
Моладзевая камісія БСДП(Грамада) прыняла заяву з патрабаваньнем вызваліць Аляксандра Казуліна і спыніць перасьлед іншых актывістаў і незалежных мэдыяў.
Грамадоўцы заклікалі грамадзянаў 1 красавіка а 12-й гадзіне прынесьці ў будынак КДБ у Менску “зьневажальныя” мультфільмы. Намесьнік старшыні БСДП(Грамада) Ігар Рынкевіч апавёў:
“Шмат у якіх мультфільмах можа быць знойдзены пэрсанаж вельмі падобны на нашага галоўнага беларуса, у якіх вельмі падобна, што яго зьневажаюць. Такая добраахвотная здача “нясьмешнай дзіцячай зброі” дапаможа спэцслужбам спыніць у пошуках мультфільмаў узламваньне дзьвярэй у кватэрах журналістаў і канфіскацыю аргтэхнікі ў незалежных мэдыяў. Вельмі важна праявіць салідарнасьць з незалежнымі мэдыямі, каб спыніць ціск з боку спэцслужбаў на журналістаў”.