Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Хіба можна мне забараніць любіць маю Беларусь?!”


Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 25 сакавіка, аўторак.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі “Бібліятэкі Свабоды” з подпісамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


25 сакавіка — 90-я гадавіна абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі. Тэлефанаваньні слухачоў:

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Добры дзень. 21-га мяне папярэдзілі, каб ня ехала 25 сакавіка ў Менск. Сёньня мне далі графік дадатковага дзяжурства на 25 сакавіка. Наіўныя! Хіба можна мне забараніць любіць маю пралескавую, чаромхавую Беларусь?! Бог ім судзьдзя. І жыве наша Беларусь!”

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода, я хацеў бы выказаць сваю падтрымку Аліевай Марыі, якая са сваёй сяброўкай 23 сакавіка распаўсюджвала газэты. Я хацеў бы выказаць ёй удзячнасьць. Я хацеў бы выказаць сваю ўдзячнасьць братам Скрабцам, якія зноў галадаюць дзеля таго, каб вызваліць Аляксандра Казуліна з-за кратаў. І я б вельмі хацеў павіншаваць патрыётаў Бацькаўшчыны, нашай любімай Беларусі са сьвятам — Днём Волі!”

Спадар Віктар: “Мяркую, што сьвяткаваць 90-годзьдзе на пляцоўцы для выгулу сабак — сорам. Свабода мітынгаў паводле Канстытуцыі дазваляе праводзіць мітынгі свабодна, з пачуцьцём гонару. Мужчыны павінны падрыхтавацца да сьвята і абараніць гонар жанчын і свой гонар ад ганьбы часовых фармаваньняў у форме міліцыі. Сорам хавацца за жанчын і чакаць свабоды ад іншых”.

“25 Сакавiка — наша сьвята, пароль i прысяга: з Днём Волi!” — гэткае СМС-віншаваньне мы атрымалі ад нашага слухача Лявона. Свае віншаваньні даслалі Георгій Несьцер зь Берасьця, Андрусь-Патрыёт, а таксама іншыя слухачы. Наступныя тэлефанаваньні — таксама з нагоды юбілею БНР:

Спадар: “Віншую вас са сьвятам Беларускай Народнай Рэспублікі. Сёньня ў Менску з гэтай нагоды адбылося ўскладаньне кветак і запальваньне сьвечак да помніка Янкі Купалы. Людзі, што сабраліся ля помніка, прасьпявалі “Магутны Божа”, і ў гонар гадавіны БНР прагучала “Жыве Беларусь!”. Міліцыя таксама прысутнічала: тры аўтобусы стаялі ля музэю Янкі Купалы, на спуску на Інтэрнацыянальнай стаялі два аўтазакі і яшчэ адзін міліцэйскі аўтобус. Яны перагарадзілі шлях да помніка агароджай, аднак людзі прайшлі з кветкамі паміж дрэў, у абыход агароджы. Міліцыянты нікога не чапалі, толькі фатаграфавалі. Жыве Беларусь!”

Валеры Курневіч, інвалід, Барысаў: “Сёньня Дзень Волі. Зь вялікай радасьцю хачу пабыць у Менску. Але як даехаць? Я інвалід-калясачнік. Аддаём вялікія грошы на ракеты, але ня маем пандусаў, пад’ёмнікаў у аўтобусе ці электрычцы. Няма ліфту ў мэтро. Можа, хто ведае, ад якога агрэсара мяне ахоўваюць ракеты?”

Сям’я Лісьнеўскіх, Менск: “Добры дзень, “Свабода”! Дзякуй, што ты ёсьць. Віншуем Радыё Свабода, Івонку Сурвілу, Аляксандра Казуліна, Артура Фінькевіча, Зьмітра Дашкевіча, Андрэя Кіма, Сяргея Парсюкевіча, Паўла Севярынца, усіх-усіх беларусаў сьвету з нашым вялікім сьвятам — Днём Волі. Жадаем кожнаму з нас і ўсім нам разам волі і свабоды. Жыве Беларусь!”

Далей тэлефанаваньні на розныя іншыя тэмы:

Спадарыня: “Ніколі не паверу, што такія, як Парсюкевіч і іншыя прадпрымальнікі, і наагул наша моладзь могуць зьбіваць міліцыю і наагул паводзіць сябе непрыстойна. Яны выступаюць за свае правы. Урад павінен прыслухацца і нешта зьмяніць. Наагул, выступае моладзь, а мы, людзі старэйшага пакаленьня, вельмі пасіўныя, але і ў нас таксама ўзьнікаюць пытаньні да ўраду”.

Спадар: “Я вось думаю, навошта нам траціцца на будаўніцтва новай АЭС, калі можна перавезьці да нас Чарнобыльскую станцыю? Украіна нам яшчэ і транспартныя расходы аплаціць. Плюхнем гэты цуд дзе-небудзь у Драздах і хай пыхціць памалу”.

Спадар: “Шаноўная “Свабода”, нядаўна я пачуў, як адна з вашых слухачак злосна вас крытыкавала, маўляў, за тое, што вы лаеце Лукашэнку. Дык вось што я хачу сказаць на гэты конт. Паважаная, вас ніхто не прымушае слухаць Радыё Свабода. Можаце ня слухаць. Для вас існуе дзяржканал Беларускага радыё. А калі ўжо слухаеце, дык будзьце так ласкавы не крытыкаваць Радыё Свабода. Дзякуй”.

І на заканчэньне верш да юбілею БНР:

Людміла Белахвостава: “Шаноўнае Радыё Свабода, віншую вас з Днём Волі.

Вясна абудзіла жыцьцёвыя сілы,
Шчыруе ў душы і ў прыродзе.
З надзеяй упартай на сьветлае заўтра
Мы маршам свабоды выходзім!
Хай пройдзе з нас кожны
Той шлях пераможны
Насустрач вясьне і свабодзе.
За праўду, за волю, за лепшую долю
Мы маршам свабоды выходзім.

Верш Віталя Равінскага. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG