Распавядае Андрэй Любянчук зь Берасьця
“У Менск паехалі загадзя, яшчэ ў пятніцу ўвечары. Калі ўяжджалі ў Менск, была ўжо ноч. Нас спынілі міліцыянты. Куды, чаму, прагледзелі ўсе нашы рэчы. Але мы яшчэ раней прыдумалі вэрсію. Мы сказалі, што едзем сябра сватаць. Тыя бачаць, што ў машыне пяць хлопцаў, едуць сватаць. Усё добра. Нас прапусьцілі... Падчас Плошчы на сваёй машыне езьдзіў, тэрмасы вазіў з гарачай кавай, некалькі разоў езьдзіў па бэнзін для генэратара на запраўку. Запомнілася, як спачатку ўсе стаялі неяк так — па сваіх групоўках. У каго што было, паміж сабой так дзяліліся. Нейкія бутэрброды, гарбатка. Потым усе аб’ядналіся і ўжо былі разам. Адзін мужчына сказаў: “Я ня памятаю, калі ўжо разам зьбіралася столькі людзей, якія сапраўды так сьветла думаюць, маюць нейкую надзею, маюць нейкую мэту, сапраўды гатовыя пайсьці на ўсё, каб зьмяніць сытуацыю ў краіне”.