Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Баршчэўскі: “Магчымы дыялёг з Захадам будзе залежаць ад паводзінаў уладаў у Дзень Волі”


Лявон Баршчэўскі, старшыня Партыі БНФ, лічыць, што ад таго, як павядуць сябе беларускія ўлады ў Дзень Волі 25 сакавіка, будзе залежаць і магчымасьць наладжваньня дыялёгу з Захадам.


Пра гэта ён казаў сёньня на прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася на сядзібе БНФ у Менску.

Лявон Баршчэўскі лічыць: галоўнай умовай магчымага наладжваньня кантактаў беларускіх уладаў з Захадам па-ранейшаму застаецца праблема палітвязьняў. Пра гэта яму ды іншым удзельнікам “Беларускага тыдня” ў Эўрапейскім парлямэнце, які скончыўся некалькі дзён таму, казаў шмат хто з эўрапейскіх палітыкаў. Кіраўнік Партыі БНФ з гэтым пагаджаецца, але дадае:

“Мы хацелі, каб акцэнт быў зроблены менавіта на гэтай даце – 25 сакавіка. І ад гэтага будзе залежаць многае, у тым ліку і магчымасьць далейшага дыялёгу са сьветам і Эўропай”.

На сёньняшні дзень забароны з боку сталічнага гарвыканкаму на правядзеньне масавай акцыі няма, — паведаміў сябра аргкамітэту сьвяткаваньня Віктар Івашкевіч. І дадаў, што і дазволу на яе таксама няма.

А што будзе, калі ўлады не дазволяць прайсьці заплянаваным маршрутам? — пацікавіліся журналісты. Адказ быў наступны:

“У любым выпадку мы зьбіраемся на плошчы Якуба Коласа а 18-й гадзіне. І ў любым выпадку мы ўскладаем кветкі да помнікаў Коласу, Купалу, Міцкевічу і Багдановічу. Як у нас атрымаецца да іх дайсьці, будзе залежаць ці ад спрыяньня, ці ад нэўтралітэту, ці ад перашкодаў уладаў. Але ў любым выпадку кветкі да гэтых помнікаў мы ўскладзем”.

Журналісты запыталі ў палітыкаў, якія вярнуліся са Страсбуру: ці запрашалі яны прыехаць у Менск на сьвяткаваньне Дня Волі эўрапейскіх дэпутатаў?

Лявон Баршчэўскі цьвердзіць, што такія захады зробленыя:

“Па-першае, Івонка Сурвіла зьвярнулася да ўрадаў ЗША, найбуйнейшых эўрапейскіх краінаў з просьбаю, каб яны адсочвалі сытуацыю 25 сакавіка.

Па-другое, шэраг прадстаўнікоў Эўрапарлямэнту і нацыянальных парлямэнтаў спрабуюць цяпер атрымаць беларускія візы. Наколькі гэта ў іх атрымаецца, зараз спрагназаваць цяжка, бо гэтая палітыка мяняецца з кожным днём. Камусьці ўчора візы давалі, а сёньня ўжо могуць і ня даць. І наадварот. Таму я не магу пакуль даць інфармацыю пра тое, хто канкрэтна зможа прыехаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG