Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выконвае Беларусь абавязаньні як сябра АБСЭ?


Кіраўнік менскага офісу АБСЭ Ганс-Ёхен Шміт
Кіраўнік менскага офісу АБСЭ Ганс-Ёхен Шміт

Каардынатары грамадзянскай кампаніі “Беларусь — у Эўропу!” Ігар Лялькоў і Ігар Рынкевіч сустрэліся сёньня з кіраўніком менскага офісу АБСЭ, паслом Хансам-Ёхенам Шмітам. Яны прапанавалі правесьці пад эгідай Офісу публічныя слуханьні аб выкананьні Рэспублікай Беларусь сваіх абавязаньняў як сябры АБСЭ.


Каардынатары кампаніі перадалі спадару Шміту адмысловую заяву, якую ён паабяцаў перадаць кіраўніцтву АБСЭ ў Вену. У ёй, між іншым, гаворыцца: “Ёсьць сур’ёзныя падставы меркаваць, што ўрад Беларусі далёка ня ў поўнай меры спрыяе выкананьню беларускай дзяржавай абавязаньняў, добраахвотна прынятых пры далучэньні да Заключнага акту нарады па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе й іншых асноўных дакумэнтаў АБСЭ”. Гэта тычыцца сфэраў правоў чалавека, дэмакратыі, вяршэнства закону і іншых стандартаў АБСЭ.

Такую ж прапанову ініцыятары слуханьняў накіравалі ў беларускае Міністэрства замежных справаў.

“Калі АБСЭ і МЗС не пагодзяцца на ўдзел, гэтыя слуханьні ўсё роўна пройдуць. Іх правядуць ініцыятары — прадстаўнікі беларускай грамадзкасьці”, — сказаў Ігар Рынкевіч.

Таксама каардынатары грамадзянскай кампаніі “Беларусь — у Эўропу!” заявілі пра неабходнасьць пашырыць мандат офісу АБСЭ ў Менску.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі з паслом Шмітам сытуацыю, зьвязаную з палітзьняволенымі ў Беларусі. Спадар Шміт заявіў, што АБСЭ выступае за вызваленьне Аляксандра Казуліна. Адносна справы Андрэя Кіма і іншых актывістаў спадар Шміт сказаў, што пакуль офіс ня мае дакладнай прававой інфармацыі, каб заняць пэўную пазыцыю.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG