Аўтуховіч сказаў нашаму Радыё, што галоўнае выпіваць штодня ня менш за тры літры вады, каб першыя тры тыдні адчуваць сябе больш-менш нармальна. У сябе у Ваўкавыску галадоўнік ня хоча нікому казаць пра свой выбар, бо “могуць не зразумець”, зазначыў ён.
Мікалая Аўтуховіча выпусьцілі з калёніі N1 у Менску два месяцы таму. Выпусьцілі, але ня вызвалілі, падкрэсьлівае ён. Яму зьмякчылі пакараньне на абмежаваньне свабоды без накіраваньня ў папраўчыя установы адкрытага тыпу, таму ён знаходзіцца дома, але павінен адзначацца ў міліцыі і трымацца адпаведнага рэжыму. Тэрмін пакараньня палітвязьня закончыцца праз адзін год і тры з паловай месяцы. (Яго пасадзілі на тры з паловай гады па абвінавачаньні у нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры).
Паводле зьмякчэньня пакараньня Мікалай Аўтуховіч павінен працаваць і ён уладкаваўся кіроўцам. Аднак з 1 красавіка яго хочуць звольніць, паколькі праца зьвязана са службовымі паездкамі ў Горадню ды іншыя мясьціны, а міліцыя яго не выпускае з Ваўкавыску.