Лінкі ўнівэрсальнага доступу

С.Калякін: “Малады Фронт” прымаў рашэньне несамастойна


Учора стала вядома пра рашэньне “Маладога Фронту” выйсьці са складу Аб’яднаных дэмакратычных сілаў. У якасьці матыву ў рашэньні Сойму арганізацыі называецца ідэйная і структурная разьяднанасьць суб’ектаў АДС, а таксама тое, што АДС “усё болей падпарадкоўваецца лідэру камуністаў”. Рашэньне моладзевай арганізацыі мы папрасілі пракамэнтаваць кіраўніка Партыі камуністаў Сяргея Калякіна.


Калякін: “Кожная арганізацыя, якая ўваходзіць у АДС, мае права як уваходзіць, так і выходзіць. Але гэта нядобры крок для аб'яднаных дэмакратычных сіл і для самога "Маладога Фронту".

Сёньня ўсім зразумела, што весьці барацьбу з дыктатурай можна, толькі аб'яднаўшы намаганьні ўсіх, якія выступаюць за дэмакратыю. Галоўнае, што трэба сёньня зрабіць у Беларусі -- гэта зьнішчыць дыктатуру і стварыць умовы, каб палітыка ў Беларусі разьвівалася дэмакратычным шляхам.

І калі дэмакратычныя сілы стваралі супольную структуру, яны ўсьведамлялі, што яны ўсе розныя, што ў іх -- розныя лідэры і палітычныя праграмы. Гэта нікуды не зьнікае ад таго, што мы аб'яднаем свае намаганьні. Але ніводную з гэтых праграмаў нельга рэалізаваць у сёньняшняй Беларусі, пакуль будзе існаваць дыктатура.

На гэтым стаяла і стаіць аб'яднаная дэмакратычная апазыцыя і Партыя Камуністаў Беларуская. А што тычыцца заяваў, хто там кіруе, то паводле правілаў кіраўніцтва адбываецца на ратацыйнай аснове. Сёньня Палітраду АДС узначальвае прадстаўнік БНФ Вінцук Вячорка, перад гэтым быў Ляўковіч з Грамады, раней быў Лябедзька з АГП. Прыйдзе час -- дойдзе чарга і да мяне, як аднаго з сустрашыняў Рады.

Так што аргумэнты, якія прыводзіліся ў заяве "Маладога Фронту", гэта не галоўнае. На мой погляд, яны несамастойна прымалі гэтае рашэньне, ім нехта падказаў гэта зрабіць. Гэта даўно мараць зрабіць спэцслужбы Беларусі, мараць падзяліць апазыцыю на прарасейскую і праэўрапейскую, на левую і правую, на маладых і старых. Гэта даўно спрабуе зрабіць Аляксандар Лукашэнка і ягоныя спэцслужбы.

На жаль, "Малады Фронт" паддаўся на гэтыя вельмі небясьпечныя рэчы. Ці гэта проста малады максымалізм, калі пройдзе, калі будуць трохі разумнець маладыя людзі, якія заняліся палітыкай, разумець, што ня ўсё можна вырашыць шляхам бескампраміснай чысьціні, што патрэбныя кампрамісы, каб дасягаць мэты.

У гэтым рашэньні МФ я ня бачу такіх ужо страшэнных рэчаў. Я мяркую, што пройдзе час і ўсё ўстане на сваё месца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG