Зьмітра затрымалі 15 сакавіка супрацоўнікі ДАІ. У багажніку яго аўтамабіля знайшлі некалькі пачак налепак “За эўрапейскую Беларусь”. У міліцыі на Зьмітра склалі пратакол, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы. Да суду Касьпяровіча трымалі ў турме на вуліцы Акрэсьціна.
У суд прыйшлі прадстаўнік амэрыканскай амбасады, сябры Зьмітра Касьпяровіча, ягоная маці і жонка з паўтарамесячнай дачкой. Зьміцер мае праблемы з хрыбетнікам. 21 сакавіка ён меўся прайсьці абсьледаваньне ў мэдычным цэнтры, якое павінна было вызначыць, ці патрэбная яму апэрацыя. Ён патлумачыў судзьдзі Аксане Рэляве, што ня можа стаяць роўна.
Зьміцер Касьпяровіч апавёў, што 15 сакавіка яго спынілі супрацоўнікі ДАІ на праспэкце Незалежнасьці. Спачатку папрасілі паказаць аптэчку, вогнетушыцель і аварыйны знак. Пасьля гэтага прапанавалі паказаць, што ў багажніку. Убачыўшы там некалькі пачак налепак, яны загадалі Зьмітру ехаць у міліцыю Савецкага раёну. Як патлумачылі міліцыянты, трэба было скласьці пратакол за няпройдзены тэхагляд.
Гаворыць Зьміцер Касьпяровіч:
“Я тлумачыў, што мяне чакае дзіця малое. Але ў апошні момант зьявіўся пратакол пра тое, што я нецэнзурна лаяўся на супрацоўнікаў ДАІ. На гэта даў загад кіраўнік Савецкага РУУС. Нават ня быў зачытаны гэты пратакол. Супрацоўнікі міліцыі адводзілі вочы. Казалі, што ўсё самі разумеюць, што ім самім гэтая сытуацыя абрыдла, казалі — прабач, але мы выконваем загад”.
Адвакатка Зьмітра Сьвятлана Гарбаток прасіла суд накіраваць пратакол на дапрацоўку, бо рапарт аб затрыманьні і пратакол складзеныя з парушэньнямі заканадаўчых нормаў. Судзьдзя адмовіла, спаслаўшыся на тое, што парушэньні будуць выпраўленыя ў часе судовага паседжаньня. Паколькі сьведкі — супрацоўнікі ДАІ — у суд не прыйшлі, судзьдзя зрабіла перапынак у справе да вечара.
Міліцыянты не адпусьцілі Зьмітра і павезьлі яго зноў у пастарунак. Пратаколу пра знойдзеныя налепкі ў матэрыялах справы няма. На думку апазыцыйнага актывіста Цімафея Дранчука, гэта зроблена наўмысна:
“Тое, што яны, калі знайшлі налепкі, ня сталі складаць пратакол, гэта сьведчыць пра тое, што яны такім чынам вырашылі скрасьці наклад гэтых налепак, бо законных падставаў іх забраць у іх не было. Тое, што кіравала гэтым спачатку “Страла”, потым кіраўнік РУУС, нягледзячы на тое, што быў выходны дзень — гэта сьведчыць пра тое, што яны плянавалі і разьлічвалі знайсьці налепкі на 25-га, а калі іх не знайшлі, то забралі налепкі, прысьвечаныя кампаніі “Эўрапейская Беларусь”. Скарысталі пры гэтым клясычную схему, што ён лаяўся на супрацоўнікаў ДАІ матам”.
Судзьдзя Аксана Рэлява пагадзілася з абвінавачаньнямі міліцыянтаў і арыштавала Зьмітра Касьпяровіча на 12 сутак.
Жонка Зьмітра Дар’я Малдаванава выказала сваё абурэньне:
“Вельмі абурае, што майго мужа затрымалі, ня ўлічваючы, што ў яго хворая сьпіна, ня ўлічваючы таго, што ў яго маленькае дзіця. Яму патрэбны бацька, і мне патрэбны муж”.
Паплечнікі Зьмітра Касьпяровіча назвалі яго арышт прэвэнтыўнай мерай напярэдадні вулічнай акцыі.