Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці будзе у 2008-м газ для Беларусі каштаваць 200 даляраў?


Цана на газ для Беларусі на другі квартал можа быць вызначаная на паседжаньні Савета Міністраў гэтак званай саюзнай дзяржавы 21 сакавіка. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка, які таксама паведаміў, што беларускі бок дабіваецца перагляду формулы разьліку цаны на газ. Чым беларускаму боку не падабаецца існуючая формула? Ці будзе расейскі газ каштаваць з Новага году звыш 200 даляраў? На гэтыя пытаньні ў праграме “Экспэртыза Свабоды” адказваюць аглядальніца газэты “Белорусы и рынок" Тацяна Манёнак і эканаміст Леанід Злотнікаў.


“Сёньня беларускі бок гэтую формулу не падпісаў бы...”

Цыганкоў: “Што не задавальняе беларускі бок у формуле вызначэньня цаны на газ? Зьнешне выглядае, што 119 даляраў -- кошт расейскага газу для Беларусі на першы квартал – самая танная магчымая цана, і пераглядаць формулу, якая стварае такую цану, было б самаразбуральным. Тым ня менш, беларускі бок настойвае на гэтым. Магчыма, ён мае нейкія аргумэнты. Якія?”

Манёнак: “Трэба мець на ўвазе, што афіцыйна “Газпром” аб’явіў цану пакуль толькі на першы квартал. Таму 21 сакавіка, відавочна, будуць абмяркоўвацца дзьве тэмы – перш за ўсё кошт газу на гэты год і, па-другое, карэкціроўка формулы вызначэньня гэтага кошту на наступныя гады.

Што да гэтага году, то ўжо была заява расейскага амбасадара Сурыкава, што кошт не падвысіцца сёлета больш чым на 10 працэнтаў. Але крыху пазьней беларускі прэм’ер Сяргей Сідорскі заявіў, што прэзыдэнты Лукашэнка і Пуцін увогуле нібыта дамовіліся пра тое, што сёлета кошт ня будзе падвышацца. Паглядзім, так гэта ці не. Але на мінулым тыдні Уладзімер Пуцін сустракаўся з кіраўніком “Газпрому”Аляксеем Мілерам, які даклаў яму, што кошт сярэднеазіяцкага газу, які закупляе Расея, з наступнага году будзе падвышаны да эўрапейскіх коштаў. Гэтак у “Газпрома” зьявіўся яшчэ адзін аргумэнт, каб настойваць на падвышэньні цаны на газ для Беларусі.

Другое пытаньне – гэта карэкціроўка формулы ўтварэньня цаны газу. Калі напрыканцы 2006 году бакі дамаўляліся пра пераход на новыя прынцыпы фармаваньня цаны, то меркавалася, што кошт нафты будзе падаць (нагадаем, што кошт газу непасрэдна залежыць ад сусьветнай цаны на нафту). І на гэтым будаваліся прагнозы Мінэканомразьвіцьця Расеі. Згодна з імі, ня так катастрафічна выглядаў рост гэтых коштаў, сыходзячы з такіх падлікаў. На 2008 год –120 даляраў, на 2009 – 140, 2010 –159, 2011 – 178 даляраў.

Цыганкоў: “А што выходзіць зараз?”

Манёнак: “А зараз атрымліваецца, што на 2008 год – 203 даляры, на 2010 – 259, 2011 – 306 даляраў. І беларускія прадстаўнікі справядліва кажуць, што такое падвышэньне – гэта катастрафічна для беларускай эканомікі. Мяркую, калі б беларускі бок ведаў пра такі паварот падзеяў, наўрад ці яны б згадзіліся падпісаць гэтую формулу”.

“Паводле палітычных матываў газ будзе каштаваць ня 200 даляраў, а менш”.

Цыганкоў: “Калі газ будзе ў наступным годзе каштаваць 203 даляры, наколькі гэта катастрафічная лічба для беларускай эканомікі?”

Злотнікаў: “Мэталюргічная вытворчасьць, будаўнічыя матэрыялы адразу стануць стратнымі. Усьлед за імі, магчыма, і некаторыя іншыя галіны эканомікі.

Але і сама Расея ў даволі цяжкім становішчы. У першыя два месяцы году скарацілася здабыча газу. Нечакана для Масквы сярэднеазіяцкія краіны заявілі, што будуць прадаваць газ Расеі па сусьветных цэнах. Так што ні ў якім разе нізкія цэны для Беларусі не застануцца. Але ці будзе зьмененая формула? Я мяркую, што не. Бо ў першым квартале без усялякага зьмяненьня формулы нам паводле палітычных матываў пастаўлялі газ па цане, больш таннай чым у формуле. І далей гэта можа быць, калі палітычныя моманты будуць працягваць працаваць. Я мяркую, што формула ня будзе зьмененая, але паводле палітычных матываў газ для Беларусі будзе каштаваць ня 200 даляраў, а менш”.

Цыганкоў: “Якія эканамічныя і палітычныя козыры можа прадставіць Беларусь і Расея ў сваёй спрэчцы пра цану на газ?”

Манёнак: “У палітычным аспэкце гэта перш за ўсё ваенна-палітычнае супрацоўніцтва. Цяпер існуе нейкае напружаньне паміж ЗША і Расеяй. А Беларусь увогуле апынулася ў “цікавым” становішчы ў сувязі з увядзеньнем ЗША санкцыяў. Расея абяцала, што будзе весьці ўзгодненую з Беларусьсю зьнешнюю эканамічную палітыку.

У эканамічнай сфэры – гэта зацікаўленасьць “Газпрому” ў некаторых беларускіх аб’ектах і ўласнасьці. Гэта і прадпрыемства “Азот”, і нафтаперапрацоўчыя заводы. Я так разумею, будзе абмяркоўвацца магчымае паскарэньне фармаваньня кантрольнага пакету акцыяў у “Белтрансгазе”. Бо “Газпром” толькі да 11 году бузе ўласьнікам 50 працэнтаў. Бо такой кампаніі, як “Газпром”, вядома, хацелася б мець 51 працэнт і доступ да ўнутранага беларускага рынку”.

Цыганкоў: “Што, акрамя палітычных момантаў, стрымлівае “Газпром” ад правядзеньня больш агрэсіўнай цэнавай палітыкі да Беларусі?”

Злотнікаў: “Я мяркую, што эканамічны чыньнік у нашым выпадку не такі істотны як палітычны. Цяпер Расея знаходзіцца ў напружаным і нэрвовым стане ў сваіх адносінах з захадам. І яна з-за гэтага можа зрабіць даволі супярэчлівыя крокі. Так што на цану газу для Беларусі найперш уплывае палітычны чыньнік”.

Манёнак: “Мне здаецца, Газпром будзе зацікаўлены захаваць бачнасьць дзейнасьці гэтай формулы. Але ж якія складнікі формулы – мы ня ведаем, бо яна непразрыстая. І потым Газпром будзе нас пераконваць, што формула не парушалася, а кошт будзе, напрыклад, 125 даляраў. І Газпром будзе імкнуцца захаваць свой твар, і даказваць, што такі кошт вынікае з гэтай формулы”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG