Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі пайшлі ў пракуратуру


14 удзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася 10 студзеня, сёньня напісалі заявы на імя Генэральнага пракурора краіны Рыгора Васілевіча. Яны лічаць, што супрацоўнікі міліцыі несправядліва вінавацяць іх у парушэньні грамадзкага парадку.


Міхаіл Субач, Уладзімер Сяргееў, Алесь Стральцоў ды іншыя зьвярнуліся да генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча з заявай. Яны ўпэўненыя, што ў часе акцыі заканадаўства парушылі не яе ўдзельнікі, а супрацоўнікі праваахоўных органаў,— падкрэсьлівае Алесь Стральцоў:

“Сёньня мы вырашылі нарэшце аформіць свой зварот, над якім мы ўжо пэўны час думалі. Мы падаем заяву Генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь пра тое, што сьледчы, які вядзе нашу справу, і тыя дзяржаўныя органы, якія яму дапамагаюць, —парушаюць заканадаўства.

Наша справа груба сфальшаваная. Была мірная акцыя, не было масавых беспарадкаў. Мы дзейнічала на падставе Канстытуцыі. Такім чынам, усе спробы зрабіць зь мірнай, абсалютна негвалтоўнай акцыі пратэсту крымінальную справу зьяўляюцца прыцягнутымі за вушы”.

Ігар Леднік з праваабарончага руху “Наша Беларусь” лічыць, што ў гэтых справах трэба казаць пра грубае парушэньне ўладамі канстытуцыйных правоў грамадзянаў Беларусі:

“Падрыхтаваўшы такія заявы кожнаму з абвінавачаных, мы тым самым пераводзім іх для грамадзкасьці з разраду абвінавачаных у разрад абвінаваўцаў. Мы згадваем, што былі неаднаразовыя спробы вырашыць праблему прадпрымальнікаў цывілізаваным спосабам. Увага да яе прыцягнутая. І людзі ўжо ведаюць: як толькі пройдуць суды над моладзьдзю, стане звыклым, што прэзыдэнцкі ўказ стаў вышэй за Канстытуцыю. І гэта разьвяжа ўладам рукі ў правядзеньні ўсялякіх рэйдаў і штрафных санкцыяў супраць прадпрымальнікаў”.

Сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў зьвярнуў увагу на тое, што раней улады ніколі ў такой вялікай колькасьці не прыцягвалі прадпрымальнікаў да адказнасьці:

“Пакуль 14. А хутка іх можа быць 27. За кратамі Парсюкевіч і Кім. І невядома, хто яшчэ будзе заўтра за кратамі. І я лічу, што сёньняшняя сустрэча не павінна стаць апошняй. Яна павінна быць шырока разгорнутая. І ня толькі каардынацыйнай радай прадпрымальнікаў. Я заклікаю асабіста Шумчанку, Гарбачова, іншых лідэраў прадпрымальніцкага руху дапамагаць вам. Такая каардынацыя павінна спрацаваць на абарону ўсіх нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG