Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольга Карач: “Калі ідзе вайна – будучыні няма”


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Вольга Карач. Яна нарадзілася і жыве ў Віцебску. Скончыла школу з залатым мэдалём, а Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт з чырвоным дыплёмам. Была адзіным у 24-тым скліканьні дэмакратычным дэпутатам гарадзкога Савету. Пасьля звальненьня па палітычных матывах у 2004 годзе са школы нумар 27, дзе выкладала ангельскую мову, займаецца грамадзкай дзейнасьцю, журналістыкай, піша вершы. Сёньня Вольга Карач дзеліцца са слухачамі Свабоды сваімі разважаньнямі пра стан цяперашняга беларускага грамадзтва.


“Для мяне Беларусь – краіна, якая дагэтуль не вярнулася з вайны. Паслухаем, якія песьні пяюць за сталом па сьвятах нашыя людзі – ваенныя. Глядзяць ваенныя фільмы па тэлевізіі. Карыстаюцца ваенным слэнгам у дзяржаўных СМІ…

Кругом ворагі – мы жывем, як на вайне. А там ці ты з намі, ці ты супраць нас, пасярэдзіне – не бывае. А як супраць, то цябе трэба зьнішчыць маральна, прыдушыць, з табой трэба бясконца змагацца!

А ў мірным грамадзтве людзі думаюць, як зрабіць так, каб грамадзяне з рознымі інтарэсамі жылі побач і жылі мірна.

Для мяне заўсёды было цікавым пытаньне, чаму беларускі бок дагэтуль, праз 60 год, не ратыфікаваў пагадненьне пра захаваньне салдат варожай арміі. На першы погляд здаецца, што ў тым нічога асаблівага – проста нейкая дурасьць беларускага кіраўніцтва.

Але насамрэч усё намнога больш сур’ёзна, калі людзі ня думаюць пра мёртвых. Калі няважна, колькі салдат было забіта ўчора.

Калі наступае мір і прыходзіць час думаць пра страты, і думаць пра тое, што ж мы нарабілі, і думаць, як жыць далей? Як будаваць разам супольную будучыню?

Калі ідзе вайна – будучыні няма.

Паглядзіце, у якім стане нашыя могілкі. Звычайныя, нават не салдацкія часоў другой сусьветнай… Могілкі ў Беларусі і ў той жа Нямеччыне? Розьніца відавочная. Таму што ў Нямеччыне мір, а ў нас у грамадзтве – вайна.

Вайна ідзе ў галовах.

І я працую дзеля таго, каб нягледзячы ні на што ўсе людзі Беларусі зьнялі шынялі і вярнуліся ўрэшце рэшт дамоў. Туды, дзе іх ужо зачакаліся. Будаваць мірнае жыцьцё і будучыню разам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG